КАМО́НЕРА ЗАКО́НЫ ЭКАЛО́ГІІ,

чатыры законы, сфармуляваныя амер. эколагам Б.Камонерам (1974): 1-ы закон — усё звязана з усім — звяртае ўвагу на ўсеагульную сувязь працэсаў і з’яў у прыродзе; 2-і — усё павінна куды-небудзь дзецца — перафразуе фундаментальны фіз. закон захавання матэрыі, у дачыненні да прыкладной экалогіі вызначае праблему асіміляцыі біясферай адходаў чалавечай цывілізацыі; 3-і закон — прырода «ведае» лепш — заклікае да асцярожнасці ў карыстанні прыроднымі экасістэмамі; 4-ы — нішто не даецца дарма — аб’ядноўвае ў сабе 3 папярэднія законы. У гэтых законах аўтар уяўляе глабальную экасістэму як адзінае цэлае, у рамках якой нічога не можа быць выйграна ці страчана і якая не можа быць аб’ектам усеагульнага паляпшэння; усё, што было здабыта з яе чалавечай працай, павінна быць вернута.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДНІКІ,

ваенныя і цывільныя каланісты, якіх польскі ўрад перасяляў з раёнаў карэннай Польшчы ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну для ўмацавання сваіх інтарэсаў. Асаднікі атрымлівалі на льготных умовах або дарма ўчасткі (асады — адсюль назва). Да 1930 у Зах. Беларусь пераселена 4434 вайсковыя Асаднікі, у 1920—30-я г. — некалькі тысяч цывільных. Яны былі аб’яднаны ў Польскі саюз ускраін, падтрымлівалі палітыку паланізацыі бел. і ўкр. народаў, былі ўзброены і нярэдка выконвалі паліцэйскія функцыі, выкарыстоўваліся ўладамі для барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухам. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР Асаднікі былі дэпартаваны ва ўсх. раёны СССР. У Вял. Айч. вайну б. ч. іх уступіла ў Польскую армію пад камандаваннем ген. У.Андэрса, якая была сфарміравана на тэр. СССР. Пасля 2-й сусв. вайны паводле пагадненняў паміж сав. і польск. ўрадамі сем’і Асаднікаў вярнуліся ў Польшчу.

У.А.Палуян.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСЛО́ЎЕ,

агульная назва для розных відаў трапных выказванняў, якія маюць лагічна закончаную думку-суджэнне. Перадаюць яе лаканічна, яскрава і ўваходзяць у ідыяматыку мовы побач з лексікай і фразеалогіяй. Уключаюць афарызмы («Не шукай ты шчасця, долі На чужым далёкім полі». Я.Купала), выказванні павучальна-маральнага характару — сентэнцыі («Ты са старымі размовы ахвотна вядзі і старанна. Хто разумнейшы за іх? Мудрасць іх словы нясуць». Я.Л.Намыслоўскі, зб. «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», 1589), максімы, якія перадаюць лагічныя або этычныя прынцыпы, пэўныя нормы паводзін чалавека («Дарма пра песню пытацца ў глухога. Дарма пра сонца пытацца ў сляпога». М.Танк), апафегмы — маральныя парады ў форме звароту да субяседніка («Гуслям, княжа, не пішуць законаў». Я.Купала), прыказкі («Не чапай ліха, пакуль спіць ціха»), крылатыя словы, выражаныя сказам («Хто ж дужэй ад грамады?» Я.Колас; «Усё мінае — Гонар не мінае, Бо народжаны адным сумленнем». У.Караткевіч). Фалькларыст М.Я.Грынблат уключае ў паняцце «выслоўя» розныя кароткія жанры нар. вусна-паэт. творчасці: скорагаворкі («Цецеручыха цецеруковым цецеручанятам цеста месіць»), прыгаворкі і жарты ў час застолля («Госць, не дзьміся, еш што ў місе»), віншаванні, пажаданні ў тостах на вяселлях, радзінах («Каб у вас было ўвесь час на стале, у місцы і ў калысцы! Дай, Божа, разам двое: шчасця і здароўя! Каб ваш ложак добра скрыпаў і да года сынок выпаў!»), вітанні («Дзень добры ў хату!»), развітанні («Заставайцеся здаровенькія!»), нар. параўнанні («Зазвінела бы ў новым цэбры»); нават праклёны, зламоўныя пажаданні і пагрозы («Дай, Божа, каб твае дзеці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі») і інш. Выслоўі шырока выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры (творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., А.Паўловіча, К.Крапівы, М.Танка, У.Караткевіча, Б.Сачанкі, Я.Брыля, В.Адамчыка, Я.Сіпакова і інш).

Літ.:

Выслоўі. Мн., 1979;

Янкоўскі Ф.М. Крылатыя словы і афарызмы. Мн, 1960;

Яго ж. Беларуская фразеалогія. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік. Мн., 1973;

Яго ж. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд. Мн., 1992;

Прыказкі і прымаўкі. Кн. 1—2. Мн., 1976;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Ч. 1—2. Мн., 1981—93;

Яго ж. З народнай фразеалогіі: Дыферэнц. слоўнік. Мн., 1991;

Яго ж. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1993;

Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я., Якаялцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)