ДАЗО́Р,

у сухапутных войсках орган разведкі або паходнай аховы, які высылаецца ад падраздзяленняў і часцей з мэтай здабыць звесткі аб праціўніку, мясцовасці, радыяцыйным і хім. стане, не дапусціць раптоўнага нападу на ахоўваемыя войскі. Склад Д. залежыць ад пастаўленых перад ім задач і умоў мясцовасці. Можа быць пешы або механізаваны, звычайна не больш за ўзвод, забяспечаны неабходнай зброяй і тэхнікай.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛААКО́АН, Лаакоант,

у старажытнагрэч. міфалогіі траянскі прадракальнік, або жрэц. Паводле пашыранага міфа, у час Траянскай вайны Л. разам з двума сынамі быў забіты двума марскімі змеямі за тое, што насуперак волі багіні Афіны намагаўся не дапусціць прыняцця траянцамі ў дар ад грэкаў драўлянага каня, у якім схаваліся грэч. воіны (гл. таксама Траянскі конь), і папярэджваў суайчыннікаў аб каварстве ворагаў. Міф пра Л. адлюстраваны ў ант. л-ры і выяўл. мастацтве. Найб. вядома мармуровая група «Лаакоан» родаскіх скульптараў Агесандра, Атэнадора і Палідора.

Лаакоан. Мармур. Скульптары Агесандр, Палідор і Атэнадор. Каля 50 да н.э.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),

1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.

2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА́С (OAS; Organisation de l’Armée Secrète сакрэтная ўзбр. арг-цыя),

экстрэмісцкая арг-цыя, якая ўзнікла ў 1961 у Францыі і Алжыры ў час вызв. вайны алж. народа (1954—62). Каб не дапусціць абвяшчэння незалежнасці Алжыра, учыніла там у крас. 1961 путч, пасля правалу якога разгарнула крывавы тэрор у Алжыры і Францыі, выступіла супраць Франц. рэспублікі, 8.9.1961 арганізавала замах на ген. Ш. дэ Голя. Пасля падпісання Эвіянскіх пагадненняў 1962 большасць франц. насельніцтва, нягледзячы на пагрозы ААС, тэрмінова пакінула Алжыр. 20.4.1962 у Алжыры арыштаваны адзін з кіраўнікоў ААС ген. Салан, што пазбавіла арг-цыю цэнтралізаванага кіраўніцтва. Пасля атрымання Алжырам незалежнасці (1962) ААС перамясцілася ў Францыю і суседнія з ёю краіны, неўзабаве была абясшкоджана.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РДЗЕНЬ (? — 1267),

полацкі і нальшчанскі князь. З дапамогай Войшалка ў 1264 стаў полацкім князем. 23.12.1264 ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і зямель, аддадзеных яго папярэднікам кн. Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязаўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў кн. Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266—67 тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБА́ЙЛА (Падабайла, Пабадайла) Сцяпан (? — ліп. 1654), казацкі палкоўнік, кіраўнік казацкіх атрадаў на Беларусі ў антыфеадальную вайну 1648—51. У 1648 атрад П. і палкоўніка Гаркушы знаходзіўся ў Бабруйску, адкуль у вер. рушыў да Беразіно, а ў пач. снеж. да Старога Быхава. Пасля няўдалага штурму крэпасці казакі адступілі. У 1649 П. на чале 6 тыс. казакоў Чарнігаўскага палка абараняў т.зв. Лоеўскія пераправы, каб не дапусціць войска Я.Радзівіла на Украіну. Пасля Лоеўскай бітвы 1649 захапіў Гомель і асадзіў Чачэрск. У 1651 накіраваны Б.​Хмяльніцкім у якасці пасла да Радзівіла. У Лоеўскай бітве 1651 пацярпеў паражэнне і адступіў да Чарнігава. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў Чарнігаўскі полк казацкага войска І.Залатарэнкі. Загінуў у баі пад Гомелем.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХАНО́ВІЧ Аляксандр Антонавіч, паліт. дзеяч пач. 20 ст. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1897). Паручнік інжынерных войскаў. Стварыў Гродзенскі воінскі саюз для барацьбы супраць бальшавікоў. Пасля кастр. 1917 узначальваў у Петраградзе Цэнтр. к-т аб’яднаных грамадскіх арг-цый Гродзенскай губ., які ў ліп. 1918 разагнаны бальшавікамі. У снеж. 1918 у Кіеве вёў дзейнасць супраць урада БНР. У студз. 1919 у Адэсе ўступіў у Бел. нац. цэнтр (БНЦ), прапанаваў яму прыняць на сябе функцыі Часовага краёвага ўрада Беларусі (21.1.1919 прапанова адхілена). 26.1.1919 спрабаваў падмануць БНЦ: паведаміў, што ў Слоніме 13.1.1919 адбыўся Усебел. з’езд, які абраў дырэкторыю на чале з Бахановічам. Выключаны з БНЦ і высланы з Адэскай акругі. Пазней у Вене называў сябе «прэзідэнтам Беларускай Рэспублікі», прасіў дапусціць яго на мірную канферэнцыю ў Парыжы.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛЯ́Р’Я АБАРО́НА (чэрв. 1941 — кастр. 1944),

баявыя дзеянні войск Паўн., з 1.9.1941 Карэльскага франтоў, Паўн. флоту і Беламорскай флатыліі ў Вял. Айч. вайну на Кольскім п-ве, у паўн. Карэліі, на Баранцавым, Белым і Карскім морах супраць узбр. сіл гітлераўскай Германіі і саюзнай ёй Фінляндыі. Мэта — не дапусціць захопу праціўнікам Кольскага п-ва з незамярзаючым портам Мурманск і Кіраўскай чыгункай, забяспечыць абарону паўн. марскіх камунікацый. У выніку гераічнай абароны сав. войскі не дазволілі праціўніку ізаляваць СССР ад знешніх сувязей праз паўн. парты і перарэзаць Паўн. марскі шлях на Д. Усход, забяспечана дастаўка ў СССР праз Мурманскі порт ваенных грузаў марскімі канвоямі саюзнікаў. У кастр. 1944 узбр. сілы СССР выгналі захопнікаў з сав. Запаляр’я. Прэзідыум Вярх. Савета СССР заснаваў 5.12.1944 медаль «За абарону Савецкага Запаляр’я» (больш за 307 тыс. узнагароджаных). 7.5.1985 Мурманску прысвоена званне «Горад-герой».

т. 6, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,

бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С.Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс. чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБА́БА (Марцін) (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),

чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.​Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс. чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.​Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл. Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс. чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл. Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».

В.​І.​Мялешка.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)