ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,

сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.

т. 4, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ (Іосіф Майсеевіч) (7.1.1901, г. Арэнбург, Расія — 23.9.1972),

расійскі і бел. рэжысёр, педагог, акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1968). Праф. (1968). З 1922 вучыўся ў 2-й студыі Маск. маст. акад. т-ра. З 1925 акцёр, з канца 1930-х г. рэжысёр Маск. маст. акад. т-ра. З 1932 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (з 1945 заг. кафедры). Выкладаў акцёрскае майстэрства трупе БДТ-3 на курсах у Маскве (1933). Маст. кіраўнік Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Творчасці ўласцівы яснасць рэжысёрскай думкі, завершанасць пастановачнага вырашэння і псіхал. абгрунтаванасць сцэн. існавання персанажаў. Вучань К.Станіслаўскага, развіваў лепшыя традыцыі Маск. маст. акад. т-ра ў галіне рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.​Купалы — «Апошнія» М.​Горкага (1939, з М.​Зоравым, дапрацоўка 1937), «Хто смяецца апошнім» (1939, з Л.​Рахленкам), «Мілы чалавек» (1945) К.​Крапівы; у т-ры імя Я.​Коласа — «Ворагі» М.​Горкага (1952). Са спектакляў у Маск. маст. акад. т-ры: «Дасцігаеў і іншыя» М.​Горкага (1938, з Л.​Леанідавым), «Афіцэр флоту» А.​Крона (1945, з М.​Гарчаковым), «Разлом» Б.​Лаўранёва (1950, з В.​Станіцыным), «Мілы лгун» Дж.​Кілці (1962), «Дон Кіхот вядзе бой» В.​Карастылёва (1966).

К.​Б.​Кузняцова.

І.М.Раеўскі.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)