ГЕАСТАЦЫЯНА́РНАЯ АРБІ́ТА,
кругавая экватарыяльная арбіта штучнага спадарожніка Зямлі, які раўнамерна рухаецца па ёй з З на У, з перыядам абарачэння 24 гадз; выш. 35 810 км. Рух такога спадарожніка дакладна дапасаваны да вярчэння Зямлі вакол восі, таму ён нерухома вісіць над выбраным пунктам экватара. На арбіты, блізкія да геастацыянарнай арбіты, выводзіліся сав. спадарожнікі «Экран», «Радуга», амерыканскія — сістэмы «Інтэлсат», некат. метэаралагічныя спадарожнікі, апараты для вывучэння знешняй магнітасферы Зямлі і інш.
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ».
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.А.Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.П.Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.
Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
Літ.:
Александровіч С.Х.Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.
С.Х.Александровіч.
т. 12, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)