Даніна 1/429; 2/174; 4/175; 5/560, 561; 10/167

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́НА,

старажытная форма падатку. Першапачаткова натуральныя ці грашовыя паборы, што спаганяліся пераможцамі з заваяваных плямён ці дзяржаў. На Русі вядома з 9 ст., у 11—16 ст. дзярж. падатак і феад. рэнта. У 13—15 ст. Д. ясак збіралася з рус. княстваў на карысць Залатой Арды. На Беларусі да канца 15 ст. Д. — асн. форма рэнты. Збіралася натуральнай прадукцыяй (мёд, воск, футра, пазней с.-г. прадукцыя), якая часткова спалучалася з адработачнай і грашовай формамі рэнты.

т. 6, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІР (малд. даніна, падатак),

у Малдове падворны падатак з сялян, вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. падворная даніна Турцыі, а таксама збор на падарункі султану.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫ́НСКІ ВЫ́ХАД,

даніна з рус. земляў Залатой Ардзе ў час мангола-татарскага панавання 13—15 ст. Збіраўся з усяго насельніцтва, акрамя духавенства. Велічыня пабораў была не пастаянная, а залежала ад «запросаў» хана. Напачатку ардынскі выхад збіралі баскакі, адкупшчыкі-мусульмане. Нар. паўстанні ў рус. княствах (1257, 1259, 1262, 1289) супраць баскакаў прымусілі ханаў перадаць збор даніны рус. князям. Даніна ішла ў Залатую Арду праз вял. князя уладзімірскага. Пасля Кулікоўскай бітвы 1380 ардынскі выхад плацілі нерэгулярна, з 1470-х г. перасталі плаціць зусім.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫ ПАДА́ТАК,

абавязковы падатак на карысць дзяржавы, феадала або царквы, які сяляне плацілі натураю (збожжам, сенам, мёдам, воскам, футрам, птушкаю, яйкамі, рыбай, пражай і інш). На Беларусі да 16 ст. быў асн. формаю павіннасцей (гл. Аброк, Даніна, Дзякла, Дзесяціна, Стацыя). З развіццём таварнай вытв-сці Н.п. заменьваўся грашовым.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАРА́ШАНКА (Леанід Паўлавіч) (н. 21.10.1924, г. Катоўск, Украіна),

малдаўскі графік і жывапісец. Нар. мастак Малдовы (1963), чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Кішынёўскім маст. вучылішчы (1941—42). Аўтар акварэлей і афортаў на тэму гісторыі Малдовы: «Эвакуацыя» (1947), «Даніна крывёй» (1960), серый «Катоўскі» (1950) і «Спрадвечнае сяброўства» (1950—63), «За ўладу Саветаў» (1966—67; Дзярж. прэмія Малдовы 1967), «Салдаты рэвалюцыі» (1971).

т. 5, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛАНЭ́ ((Delaunay) Рабер) (12.4.1885, Парыж — 25.10.1941),

французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва ў Бельвіле. Зазнаў уплывы неаімпрэсіянізму, П.Сезана, кубізму. Заснавальнік (з С.​Тэрк-Дэланэ) плыні арфізм. Дынаміку руху і рытмаў перадаваў з дапамогай вылучаных ім заканамернасцей узаемапранікнення асн. колераў спектра і ўзаемаперасячэння крывалінейных паверхняў. Аўтар абстрактных карцін («Дыск», «Круглыя формы», 1912—13, «Даніна павагі Блерыо», 1914, «Радасць жыцця», 1930—31, «Рытмы», 1930—37), пейзажаў («Чырвоная Эйфелева вежа», 1910), лаканічных нацюрмортаў («Кафейнік, партугальскі нацюрморт», 1915—16), партрэтаў («Ф.​Супо», 1922) і інш. Іл. глядзі ў артыкуле Жывапіс.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМЕРЭЦІ́НСКАЕ ЦА́РСТВА, Імерэты,

феад. дзяржава на тэр. Грузіі ў 15—19 ст. Утворана ў канцы 15 ст. Сталіца — г. Кутаісі. З 1555 падпарадкавана Турцыі, плаціла ёй даніну нявольнікамі або грашамі і натурай. Гісторыя І.ц. характарызавалася міжусобіцамі (асабліва ў 17 ст.) і росквітам гандлю рабамі. Цар Саламон I [1752—84] здолеў умацаваць царскую ўладу. Ён забараніў гандаль рабамі, імкнуўся да аб’яднання Зах. Грузіі. У 1757 пасля шматгадовай вайны з туркамі атрымаў перамогу, у 1758 заключыў ваен. саюз з царом Картлі Іракліем ІІ. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адменена даніна Турцыі. З 1804 пад пратэктаратам Расіі. З 1811 Імерэцінская вобл. Расіі.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮ́ДДЗЕ,

«хаджэнне па людзях», 1) аб’езд князем і яго дружынай падуладных зямель і плямён Кіеўскай Русі дзеля збору даніны. Вядома з 10 ст. Адбывалася ўвосень або зімою, неакрэсленасць памеру даніны прыводзіла да вял. злоўжыванняў, за адно з якіх у 945 у час П. драўляне забілі кн. Ігара. Удава Ігара кн. Вольга ўпершыню вызначыла памер даніны і месцы яе збору — пагосты.

2) Назва даніны. У 12 ст. ў Наўгародскай, Полацкай і Смаленскай землях П. — грашовая павіннасць, якую збіраў князь ці феадал. У ВКЛ у 15—16 ст. П. — даніна ў форме падарункаў ад насельніцтва намеснікам або княжацкім старастам пры аб’ездзе імі валасцей.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦА,

1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.

2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.

3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.

В.​С.​Пазднякоў.

Куніца лясная.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)