Школа-студыя імя У. І. Неміровіча-Данчанкі (Масква) 10/376

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Музычны тэатр імя К. С. Станіслаўскага і У. І. Неміровіча-Данчанкі 7/479

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ МУЗЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ К.С.СТАНІСЛА́ЎСКАГА І У.І.НЕМІРО́ВІЧА-ДА́НЧАНКІ.

Створаны ў 1941 у выніку аб’яднання Опернага т-ра імя Станіслаўскага (з 1928) і Муз. т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1926). З 1964 акадэмічны. У рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных кампазітараў. Сярод пастановак: оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Іаланта» П.​Чайкоўскага, «Любоў да трох апельсінаў», «Заручыны ў манастыры» («Дуэння») і «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева, «Сям’я Тараса» і «Кала Бруньён» Дз.​Кабалеўскага, «Кацярына Ізмайлава» (рэд. 1962) Дз.​Шастаковіча; балеты «Капелія» Л.​Дэліба, «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Папялушка» і «Скіфы» (на муз.) Пракоф’ева, «Атэла» А.​Мачаварыяні; аперэты «Доння Жуаніта» Ф.​Зупе, «Бедны студэнт» К.​Мілёкера і інш. Вял. ўклад у развіццё т-ра зрабіў С.Самасуд. У розны час у т-ры працавалі: спевакі Г.​Бушуеў, С.​Галемба, М.​Гольдзіна, М.​Мельтцэр, Н.​Кемарская, У.​Кандэлакі (двое апошніх і рэж.), П.​Макееў, А.​Расніцкая, С.​Цэнін, Т.​Юдзіна; салісты балета Н.​Конюс, М.​Рэдзіна, М.​Сарокіна, В.​Боўт, Э.​Уласава, М.​Драздова, В.​Тэдзееў. Сярод рэжысёраў Неміровіч-Данчанка, П.​Маркаў, І.​Туманаў, Л.​Баратаў, Л.​Міхайлаў, І.​Шароеў, А.​Ціцель (гал. рэж. з 1991), балетмайстраў — У.​Бурмейстар, А.​Чычынадзе, Дз.​Бранцаў (гал. балетмайстар з 1985), дырыжораў — К.​Дж.​Абдулаеў, В.​Есіпаў, Г.​Жамчужын, Дз.​Кітаенка, У.​Понькін (гал. дырыжор з 1996), мастакоў — А.​Лушын, У.​Арэф’еў (гал. мастак з 1992).

Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.​С.​Станіслаўскага і У.​І.​Неміровіча-Данчанкі. Сцэна з балета «Лебядзінае возера».

т. 10, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАТАГО́РАЎ (сапр. Гольдберг) Павел Самойлавіч

(30.12.1907, г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. — 24.9.1969),

рускі і бел. рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. арт. Расіі (1947). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1931). З 1933 рэжысёр Муз. т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1941 — імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі). Адначасова з 1935 рэжысёр, у 1939—42 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Ў 1931—36 і 1946—50 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве. Паставіў на бел. сцэне оперы «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1935), «Тоска» (1937) і «Чыо-Чыо-сан» (1940) Дж.​Пучыні, «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1940). Найб. значная работа З. — сцэнічнае ўвасабленне оперы «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага (2-я рэд., 1939). Вучань У.Неміровіча-Данчанкі, удзельнічаў у яго пастаноўках опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (1934), «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.​Хрэннікава (1939).

Б.​С.​Смольскі.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Павел Аляксандравіч) (22.3.1897, г. Тула, Расія — 5.4.1980),

расійскі тэатразнавец, рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Д-р мастацтвазнаўства (1960). Скончыў Маскоўскі ун-т (1921). У 1925—62 (з перапынкам) працаваў у МХАТ (у 1955—62 рэжысёр). З 1933 у Муз. т-ры імя У.​Неміровіча-Данчанкі, у 1944—49 маст. кіраўнік Муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У 1951—55 рэжысёр і старшыня літ. савета Малога т-ра. З 1939 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1943 праф.). Сярод пастановак: «Моцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава (1944), «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1948), «Порт-Артур» І.​Папова і А.​Сцяпанава (1953, з К.​Зубавым), «Прададзеная калыханка» Х.​Лакснеса (1955) і інш. Аўтар прац пра драм. і муз. тэатр: «Найноўшыя тэатральныя плыні (1898—1923)» (1924), «Маскоўскі Мастацкі тэатр, 1898—1948» (з М.​Чушкіным), «В.​Ф.​Камісаржэўская (1864—1910)» (абедзве 1950), «Рэжысура У.​І.​Неміровіча-Данчанкі ў музычным тэатры» (1960); зб-каў артыкулаў «Тэатральныя партрэты» (1939), «Праўда тэатра» (1965), «У тэатрах розных краін» (1967). Гал. рэдактар «Тэатральнай энцыклапедыі» (т. 1—5, 1961—67).

Тв.:

О театре, Т. 1—4. М., 1974—77;

Книга воспоминаний. М., 1983.

т. 10, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЎТ (Віялета Максімаўна) (н. 9.5.1927, г. Лос-Анджэлес, ЗША),

руская балерына. Нар. арт. СССР (1970). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1944). У 1944—86 салістка Муз. т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У творчасці спалучала віртуозную балетную тэхніку з псіхал. распрацоўкай роляў. Сярод лепшых партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Донна Анна («Дон Жуан» Р.​Штрауса), Медора («Карсар» А.​Адана), Франчэска («Франчэска да Рыміні» Б.​Асаф’ева), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева).

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́НАЎ (Барыс Аркадзевіч) (6.12.1899, Масква — 9.12.1953),

расійскі і бел. рэжысёр, педагог. Засл. арт. Расіі (1935). Праф. (1939). Скончыў 2-ю студыю МХАТ (1921). Да 1936 акцёр і рэжысёр МХАТ, адначасова з 1930 гал. рэжысёр Муз. т-ра імя У.​І.​Неміровіча-Данчанкі, у 1936—40 — Вял. т-ра ў Маскве. У 1947—51 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Маскоўскай, Саратаўскай, Бел. кансерваторыях і Бел. тэатр. ін-це (1947—51). Спалучаў традыцыі МХАТ з глыбокім разуменнем законаў муз. драматургіі, дасягаў тонкай псіхал. распрацоўкі вобразаў, выразнасці масавых сцэн. Сярод найб. значных пастановак першае ў СССР сцэн. ўвасабленне «Івана Сусаніна» М.​Глінкі (1939, Вял. т-р), опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (1934) і «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1936) у т-ры імя Неміровіча-Данчанкі. На бел. сцэне паставіў оперы «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса і «Алеся» Я.​Цікоцкага (2-я рэд.; абедзве 1947), «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1934, 1948), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1948), «Князь Ігар» А.​Барадзіна і «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны (абедзве 1949), «Іван Сусанін» (1950), «Марозка» М.​Красева і «Ціхі Дон» (абедзве 1951). Удзельнічаў у пастаноўцы балетаў «Князь-возера» В.​Залатарова (1949) і «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (1950).

Б.​С.​Смольскі.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАТО́РАЎ (Генадзь Панцеляймонавіч) (н. 11.3.1929, Масква),

расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кл. фп. ў А.​Тальдэнвейзера (1952) і дырыжыравання ў А.Гаўка (1956). З 1960 дырыжор, гал. дырыжор у муз. т-рах Расіі, у т. л. Маскоўскага т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі, Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, Адэскага т-ра оперы і балета і інш. У 1984—89 гал. дырыжор Дзярж. акад. Вял. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1994 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Мінскага духавога аркестра «Няміга», з 1998 гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1994 праф.). На сцэне т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі аднавіў оперу «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (1963, запіс адзначаны Гран-пры ў Парыжы, 1966). Гал. працы на бел. сцэне: оперы «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1985), «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1987), «Візіт дамы» С.​Картэса (1995); балеты «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (абодва 1986), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1988), «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995) і інш. Сярод вучняў П.​Вандзілоўскі, В.​Чарнуха. Дзярж. прэмія Беларусі 1997.

А.​Л.​Карацееў.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ВА (Любоў Пятроўна) (11.2.1902, г. Звянігарад — 26.1.1975),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1950). Вучылася ў кансерваторыі (1919—22), тэатр. тэхнікуме (1922—25) у Маскве. У 1926—33 артыстка муз. т-ра імя У.​І.​Неміровіча-Данчанкі. З 1955 у т-ры імя Массавета. Здымалася ў кіно: Анюта («Вясёлыя хлопцы»), Марыён Дыксан («Цырк»), Дуня («Волга-Волга»), прафесар Нікіціна і актрыса Шатрова («Вясна»); сярод роляў у тэатры: Нора («Нора» Г.​Ібсена), Патрык Кэмпбэл («Мілы лгун» Дж.​Кілці). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1950.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́КАВА (Ніна Сяргееўна) (н. 8.10.1928, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Расіі (1969), нар. арт. СССР (1981). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1958), з 1978 выкладае ў ёй. У 1958—85 салістка Маскоўскага муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі. Сярод партый: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Графіня («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Варвара («Бязродны зяць» Ц.​Хрэннікава), Клара («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева), Санетка («Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча). Выступае ў канцэртах. Лаўрэат Міжнар. конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (Жэнева, 1958). Дзярж. прэмія Расіі 1972.

т. 7, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)