РАФІБЕЙЛІ́ (Нігяр Худадат кызы) (29.6.1913, г. Гянджа, Азербайджан — 1981),

азербайджанская паэтэса. Нар. паэт Азербайджана (1981). Скончыла Маскоўскі пед. ін-т (1936). Друкавалася з 1928. Асн. тэмы яе зб-каў вершаў і паэм «Песня перамогі» (1943), «Вершы» (1952), «Даносіцца гул мора» (1964) — эмансіпацыя жанчыны, патрыятызм і стваральная праца. Пісала для дзяцей, перакладала на азерб. мову творы рус. і замежных пісьменнікаў. На бел. мову яе асобныя вершы пераклаў Ю.​Свірка.

Тв.:

Рус. пер. — Радость встречи: Стихи. Баку, 1981.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНДЭ́ЛЬ (франц. rondel ад rond круг),

верш з 13 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Дзеліцца на 3 страфы — два 4-радкоўі і адно 5-радкоўе. Два першыя радкі верша паўтараюцца ў канцы другога 4-радкоўя, а першы — і ў канцы Р. Узнік у старафранц. паэзіі, потым перайшоў у англ. і інш. еўрап. л-ры. У канцы 19 — пач. 20 ст. яго выкарыстоўвалі сімвалісты. У бел. л-ру ўвёў М.​Багдановіч:

Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах

Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі...
Чаго жа Тут, дзе магілы, сцень і прах,
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?

І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы
Амур і сумны і прыгожы.
(«На могілках»).

У сучаснай бел. паэзіі не атрымаў пашырэння.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)