Дамкрат 3/97; 4/133—134; 8/21

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМКРА́Т (галанд. dommekracht),

пераносны, перасоўны або стацыянарны механізм для пад’ёму грузаў на невялікую (звычайна да 2 м) вышыню. Бываюць рэечныя (рычажныя і зубчастыя), вінтавыя, гідраўлічныя і пнеўматычныя, ручныя і маторныя. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да соцень тон. Выкарыстоўваюцца пры будаўніча-мантажных, рамонтных і пагрузачна-разгрузачных работах, на аўтамаб. і чыг. транспарце. Магутнымі Д. можна падняць цэлае збудаванне на вышыню ў некалькі метраў.

Тыпы дамкратаў: 1 — вінтавы на палазах; 2, 5 — гідраўлічныя бесперапыннага дзеяння; 3 — гідраўлічны; 4 — рэечны з зубчастай перадачай; 6 — рычажна-рэечны; 7 — вінтавы; 8 — паравозны.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЎСТАФ’ЕЎ (Фёдар Фёдаравіч) (12.10.1862, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія — 21.1.1941),

бел. вынаходнік. Герой Працы (1928). З 1903 працаваў у Гомельскім чыг. дэпо. Вынайшаў лятальны апарат верт. ўзлёту — гелікаптэр, макет якога экспанаваўся на Екацярынаслаўскай прамысл. выстаўцы ў 1909, прыстасаванне для прадзімання дымагарных труб паравозных катлоў, дамкрат для падымання вагонаў, іскраўлоўнік на паравозах, эстакаду для падачы вугалю на паравозы і інш. З 1922 займаўся распрацоўкай праекта вінтаплана (верталёта) для перавозкі пасажыраў.

Літ.:

Дегтев В. Крылья Белоруссии. Мн., 1973. С. 16—17.

Ф.Ф.Еўстаф’еў.

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́ЛУБКА,

часовая форма для ўкладкі бетоннай сумесі і арматуры пры вырабе бетонных і жалезабетонных маналітных канструкцый. Робіцца з дрэва, металу, фанеры, жалезабетону, пластмасаў і інш. матэрыялаў. Бывае разборна-перастаўная, аб’ёмна-блочная, слізгальнарухомая і інш. Выбар тыпу апалубкі вызначаецца характарам канструкцый (збудаванняў), геам. памерамі, тэхналогіяй выканання работ, кліматычнымі ўмовамі.

Найб. пашырана разборна-перастаўная апалубка — дробнашчытавая (са шчытоў масай да 70 кг), буйнашчытавая (да 500 кг) і блочная (са шчытоў, злучаных у прасторавыя блокі, часам з рабочай арматурай). Выкарыстоўваецца пры заліўцы фундаментаў, сцен, вырабе пакрыццяў і перакрыццяў, калон, бэлек і інш. Пры адмоўнай т-ры шчыты ўцяпляюць ці падаграваюць. Аб’ёмна-блочная апалубка — прасторавая канструкцыя са стальных шчытоў, каркаса, мацаванняў і прыстасаванняў для адрыву шчытоў ад бетону. Мантаж і дэмантаж блок-формаў вядуць падымальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для бетанавання канструкцый, якія стаяць асобна. Слізгальна-рухомая апалубка ствараецца пры буд-ве высокіх аб’ектаў (элеватараў, рэзервуараў, вежаў і інш.). Робіцца са шчытоў, якія падымаюцца з дапамогай дамкратаў па паверхні збудаванняў, што бетануюцца. Ёсць таксама пад’ёмна-перастаўная апалубка — са шчытоў, крапежных і пад’ёмных прыстасаванняў (для буд-ва вежаў, градзірняў і інш. высокіх збудаванняў); гарызантальна перасоўная — са шчытоў і каркаса на цялежках ці палазах (для узвядзення скляпенняў-абалонак, калектараў, падпорных сценак і інш.); няздымная — пліты, абалонкі, метал. сеткі і інш., якія пасля бетанавання канструкцыі (напр., плаціны) застаюцца ў ёй як састаўная частка; горная апалубка — перасоўная, створкавая, секцыйная і інш., выкарыстоўваецца для мацавання горных выпрацовак; стацыянарная металічная апалубка — пры вырабе жалезабетонных канструкцый на з-дзе ці палігоне. Найб. эфектыўная апалубка шматразовага выкарыстання (інвентарная), збіраецца з уніфікаваных элементаў і ўзбуйненых блокаў. Каб паверхня канструкцыі была гладкая, апалубку змазваюць ці пакрываюць пастай. Работы, звязаныя з вырабам, устаноўкай і разборкай апалубкі, наз. апалубнымі работамі.

Апалубка: а — разборна-перастаўная; б — гарызантальна перасоўная (1 — шчыт; 2 — падтрымнае прыстасаванне; 3 — цялежка; 4 — каток).
Слізгальная апалубка (фрагмент): 1 — дамкратны стрыжань; 2 — гідраўлічны дамкрат; 3 — дамкратная рама; 4 — рабочы насціл; 5 — каркас рабочага насцілу; 6 — шчыт апалубкі; 7 — унутраныя падвесныя рыштаванні; 8 — вонкавыя падвесныя рыштаванні; 9 — казырок па вонкавым перыметры апалубкі.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)