Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́Н
(франц. domaine ад лац. dominium уладанне),
поўная і спадчынная форма зямельнай уласнасці ў сярэдневяковых краінах Еўропы. Каралеўскі Д. узнік на аснове прысваення каралём вярх. уласнасці на зямлю племя, народа, уключаў вотчыну, крэпасці, гарады, угоддзі і інш.; павялічваўся за кошт канфіскаваных зямель феадалаў і царквы. На тэр. Беларусі ў 11—13 ст. існавалі даменіяльная зямельная ўласнасць і ўмоўнае землеўладанне князёў і баяр, якое ў пісьмовых крыніцах вядома як воласць (у краінах Зах. Еўропы наз. бенефіцыі). У ВКЛ у 14—18 ст. гаспадарскі Д. утвараўся з радавых уладанняў дынастыі вял. князёў, а таксама з прысвоеных маёнткаў інш. літ. і бел. князёў. У выніку аграрнай рэформы (гл. Устава на валокі 1557, Валочная памера) гаспадарскія двары былі ператвораны ў фальваркі, узніклі староствы і жаноміі. Сеньярыяльны Д. (баярскі, магнацкі) — частка вотчыны феадала, якая была яго непасрэднай уласнасцю і дзе ўладальнік, выкарыстоўваючы працу залежных сялян, вёў сваю даменіяльную гаспадарку.
т. 6, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ І Заваёўнік
(William the Conqueror; каля 1027, г. Фалез, Францыя — 9.9.1087),
герцаг Нармандыі (Вільгельм; 1035—1087), кароль Англіі [1066—87]. Пазашлюбны сын нармандскага герцага Роберта І Д’ябла. У 1062 далучыў да Нармандыі графства Мен і ч. графства Анжу. Пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка і каранацыі Гаральда II на чале франц. рыцарскага войска (5 тыс. воінаў) высадзіўся на англ. узбярэжжы і 14.10.1066 у бітве каля порта Гастынгс разбіў сял. апалчэнне Гаральда II, паклаўшы пачатак Нармандскаму заваяванню Англіі 1066. Каранаваны ў Вестмінстэры 25.12.1066. Стварыў уласны дамен (да 1/7 тэр. краіны). У 1085 устанавіў прамую залежнасць ад караля сваіх непасрэдных васалаў і ўсіх ар’ервасалаў, абавязаўшы іх несці ваен. службу на сваю карысць, у 1086 правёў агульнадзярж. перапіс усіх феад. уладанняў. Пры Вільгельме І умацаваліся гандл. сувязі з Фландрыяй; далейшае запрыгоньванне сялян выклікала іх паўстанні (найб. значныя ў 1069 і 1071 на Пн і ПнУ Англіі).
М.К.Багадзяж.
т. 4, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)