ДА́ЛЬНЯЕ ЛЯ́ДА,
дзве стаянкі каменнага веку каля в. Дальняе Ляда Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. Даследаваны ў 1972, 1973 і 1988. На адной стаянцы знойдзены кароткія скрабкі, нуклеусы, пласціны, адшчэпы, расшчэплены крэмень. На другой выяўлены рабочыя месцы па апрацоўцы крэменю, прылады для апрацоўкі косці, скуры і дрэва, паляўнічыя прылады (наканечнікі стрэл, нажы). Былі сезоннымі стаянкамі-майстэрнямі пач. апрацоўкі крамянёвай сыравіны, адносіцца да грэнскай культуры ранняга мезаліту.
В.Ф.Капыцін.
т. 6, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў познім палеаліце і раннім мезаліце (12—8 тыс. г. назад) жылі ў Верхнім Падняпроўі. Назва ад стаянкі Грэнск. Мае 2 этапы: фінальна-палеалітычны (ранні) і раннемезалітычны (позні). Пасяленні грэнскай культуры прадстаўлены сезоннымі стаянкамі паляўнічых па берагах рэк, часцей на пясчаных дзюнах. Па меры раставання апошняга ледавіковага покрыва ў гарах Скандынавіі плямёны грэнскай культуры разам з плямёнамі свідэрскай культуры прасоўваліся на Пн. Асаблівасцю культуры з’яўляецца пашырэнне крамянёвых асіметрычных наканечнікаў стрэл (грэнскі тып), апрацаваных з аднаго краю. Самыя стараж. помнікі грэнскай культуры Бароўка, Каромка, Хвойна (Магілёўскі р-н), другога этапа развіцця — Грэнск, Дальняе Ляда (Быхаўскі р-н), Рэкорд (Лоеўскі р-н). На рубяжы ранняга і позняга мезаліту Грэнская культура змянілася сожскай культурай. Вылучыў грэнскую культуру ў 1960-я г. У.Дз.Будзько, даследавалі А.Г.Калечыц, В.Ф.Капыцін, У.П.Ксяндзоў.
В.Ф.Капыцін.
т. 5, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)