ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.
Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны Правабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн. дзес. з 3,8 млн. чал. Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ. гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэма суд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.К.Анішчанка.
т. 6, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫ́ДРЫХ ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I [Friedrich Wilhelm; 14.8.1688, Кёльн (цяпер у межах Берліна) — 31.5.1740],
кароль Прусіі [1713—40]. Сын Фрыдрыха I (кароль у 1701—13), бацька Фрыдрыха II Вялікага. Пашырыў тэр. прускай дзяржавы паводле Утрэхцкага міру 1713 (далучэнне Верхняга Гелдэрна) і Стакгольмскага міру 1720 (далучэнне Пярэдняй Памераніі), увёў у Прусіі ўсеагульнае абавязковае навучанне (1717, вызваліў сялян ад прыгону на каронных землях (1719), правёў адм. рэформу (1722), стварыў сістэму набору рэкрутаў па акругах (кантонах; 1733).
т. 16, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́КСІЯ (ад лац. annexio далучэнне),
захоп адной дзяржавай часткі або ўсёй тэрыторыі інш. дзяржавы, а таксама гвалтоўнае ўтрыманне народнасці ў межах чужой дзяржавы. Анексія — грубае парушэнне міжнар. права. Статут ААН дэкларуе права нацый на самавызначэнне і абавязвае членаў ААН устрымлівацца ад анексіі.
т. 1, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКАРПАРА́ЦЫЯ (ад позналац. incorporatio далучэнне),
1) уключэнне ў свой склад, далучэнне.
2) Прадастаўленне ў адпаведнасці з законам групе асоб статуса юрыд. асобы, карпарацыі.
3) Сістэматызаванне законаў дзяржавы, размяшчэнне іх у вызначаным парадку (храналагічным, алфавітным, па галінах права) без змены зместу законаў.
4) У мовазнаўстве — спосаб сувязі значымых і службовых кампанентаў у адзінае моўнае цэлае, якое знешняй формай нагадвае складанае слова, а зместам — словазлучэнне ці сказ; характэрная рыса інкарпараваных моў. У такіх словах-сказах колькасць кампанентаў абумоўлена зместам выказвання, а парадак размяшчэння кампанентаў выражае ўстойлівыя сінтакс. адносіны паміж імі. Напр., у славесным комплексе мовы хупа (абарыгены Паўн. Амерыкі) te-se-e-ya-te — «Я пайду» цэнтр. лексічны кампанент ya абазначае «ісці», пач. кампанент te мае грамат. значэнне (паказвае. што дзеянне разгортваецца ў пэўнай прасторы), e — займеннік «я», элемент se паказвае, што дзеянне развіваецца, канчатак te выражае будучы час. Значымыя члены такіх славесных комплексаў выконваюць адначасова функцыі слоў і членаў сказа.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ XII, Гіоргі XII (1746—9.1.1801),
апошні цар [1798—1801] царства Картлі-Кахеты (Усх. Грузія). З дынастыі Багратыёнаў. Сын Іраклія II. Аднавіў Георгіеўскі трактат 1783. Ва ўмовах пагрозы ўварвання з боку Ірана і ўнутр. нестабільнасці пайшоў на саюз з рас. імператарам. Пасля смерці Георгія XII абвешчаны маніфест Паўла I пра далучэнне Усх. Грузіі да Расіі (пач. 1801).
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЭДЭНТЫ́ЗМ (ад італьян. irredento нявызвалены),
палітычны і грамадскі рух у Італіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. за далучэнне да Італіі пагранічных зямель Аўстра-Венгрыі з італьян. насельніцтвам — Трыеста, Трэнціна і інш. На пачатку быў прадстаўлены дэмакр. апазіцыяй. У 20 ст. італьян. ўлады выкарыстоўвалі І. для апраўдання сваіх тэр. дамаганняў на Балканах і Адрыятыцы.
т. 7, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІ ДАГАВО́Р 1724.
Паводле дагавора, падпісанага 23 чэрв. ў г. Стамбул, Турцыя пагаджалася з далучэннем да Рас. імперыі тэрыторый на зах. узбярэжжы Каспія, якія былі заняты рас. арміяй у выніку Персідскага паходу 1722—23, а Расія — на далучэнне да Асманскай імперыі зямель у Закаўказзі і Паўн.-Зах. Іране, якія былі захоплены тур. войскамі ў пач. 18 ст.
т. 13, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАРАВА́ННЕ АРГАНІ́ЧНЫХ ЗЛУЧЭ́ННЯЎ,
увядзенне ў малекулу арган. злучэнняў атама хлору. Для хларавання выкарыстоўваюць свабодны хлор Cl2 і хлорысты вадарод HCl, хлорысты сульфурыл SOCl2 і інш. Далучэнне хлору да кратных сувязей ацыклічных, аліцыклічных або гетэрацыклічных злучэнняў адбываецца і па радыкальным, і па іонным механізме, напр.: CH2=CH2+Cl2 → ClCH2CH2Cl. Выкарыстоўваюць для прамысл. атрымання алілхларыду, дыхлорэтану і інш.
т. 17, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЛІЯ́ЦЫЯ (ад англ. affiliate далучаць, звязваць),
1) імкненне чалавека да аб’яднання, знаходжання ў супольнасці з інш. людзьмі. Тэндэнцыя да афіліяцыі ўзрастае ў выпадку ўцягнення суб’екта ў патэнцыяльна небяспечную, стрэсавую (гл. Стрэс) сітуацыю. Блізкасць да інш. людзей зніжае трывогу, змякчае фізіял. і псіхал. стрэсы. Блакіраванне афіліяцыі выклікае пачуццё адзіноты, адчужанасці, параджае фрустрацыю.
2) Прыём у члены; далучэнне ў якасці аддзялення, філіяла і да т.п.
т. 2, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯНО́ПАЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1829.
Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 14 вер. ў г. Адрыянопаль (цяпер Эдырне, Турцыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29 (гл. ў арт. Руска-турэцкія войны). Да Расіі адышлі вусце Дуная з астравамі і шэраг крэпасцяў на ўсх. беразе Чорнага м. Турцыя прызнала далучэнне да Расіі Грузіі, Імерэтыі, Мегрэліі, аўтаномію Малдавіі, Валахіі, Сербіі і права Грэцыі на ўнутр. аўтаномію. Басфор і Дарданелы абвяшчаліся адкрытымі пралівамі.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)