БАСУМА́ТРАВА (Святлана Міхайлаўна) (н. 22.11.1946, г. Мазыр),

бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ. ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГУ́Н (Уладзімір Андрэевіч) (н. 10.4. 1922, в. Азломль Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творы «Магіла невядомага салдата» (1957), «Вярнуўся» (1966), «Маці» (1969), «Да сына» (1973), «Парад Перамогі ў Маскве» (1984), «Маці ў блакаду» (1987) і інш. прысвечаны Вял. Айч. вайне. Вобраз чалавека-працаўніка ўвасоблены ў партрэтах «Даярка» (1951), «Стары з Лепельшчыны» (1963), «Настаўніца» (1973), карцінах «Будаўнікі» (1960), «Раніца ў калгасе» (1965), «Нафтаправод «Дружба» (1980), «Дарога да храма» (1999). Лірызмам і цеплынёй прасякнуты пейзажы «Беларускі пейзаж» (1949), «Далеч» (1955), «Стагі» (1965), «Вілія» (1969), «Мой горад» (1972), «Вясна на Палессі» (1979), «Месяцовая ноч» (1985), «Бярэзіна. Вёска Галынька» (1997), «Прыпяць» (1998).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́ННІКАЎ (Сяргей Іванавіч) (н. 16.9.1946, в. Слабада Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, з 1978 у апараце ЦК КПБ, з 1986 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкуецца з 1963. Паэзіі ўласцівы грамадз. пафас, публіцыстычнасць, любоў да роднай зямлі, адстойванне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, увага да перажыванняў лірычнага героя ў спалучэнні з непрыняццем мяшчанства, спажывецкай маралі. У паэме «Чорная быль» (1990) успрыманне чарнобыльскай трагедыі як драмы народа, знаку катастрофы, болю ў яе сусв. апакаліпсічным вызначэнні. Аўтар зб-каў паэзіі «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1982), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць», «Вечная далеч» (абодва 1987), «Заклінанне» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1992), кніг эсэістычна-публіцыстычнай прозы «Беларускае сэрца» (1993), «Вячэра пад райскім дрэвам» (1996).

Тв.:

Святая воля: Выбр. лірыка. Мн., 1993.

А.​І.​Сямёнава.

С.І.Законнікаў.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)