ХАЙ-ЭНД,
прафесійная апаратура (у адрозненне ад бытавой) відэа- і гукаўзнаўлення; таксама найвышэйшы ўзровень тэхн. рашэнняў, найноўшых матэрыялаў і тэхнал. працэсаў для дасягнення найбольшай магчымай якасці. Далейшы этап развіцця хай-фай тэхнікі.
т. 16, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЛІО́ВІЙ (ад лац. perluo прамываю),
рэшткавы грубаабломкавы валунны ці галечны матэрыял, які пасля размыву розных парод і вынасу драбназёму застаўся на дне рачных далін і яроў. Перлювіяльныя адклады характарызуюцца сартаванасцю, адсутнасцю слаістасці, прадухіляюць далейшы размыў рачных далін, на асобных участках рэк ствараюць мясц. базісы эрозіі.
т. 12, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКІ СКАРБ,
буйнейшы скарб антычных манет на тэр. Беларусі. Знойдзены ў 1804 у г. Клімавічы. Схаваны ў 2 ст. н.э. Складаўся з 1815 сестэрцыяў і дэнарыяў «першых рымскіх імператараў». Скарб здадзены ў Прыдворнае казначэйства (Пецярбург), 8.12.1804 перададзены ў Эрмітаж, адтуль 17 снеж. вернуты ў казначэйства Далейшы лёс невядомы.
т. 8, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫВІ́ЛІС Клаўдзій Юлій (Claudius Julius Civilis),
кіраўнік антырымскага паўстання ў 69—70. Паходзіў з саюзнага Рыму кельцкага племя батаваў. У 69 узначаліў паўстанне, якое падтрымалі плямёны галаў, германцаў і саюзныя падраздзяленні рым. войск. З-за адсутнасці адзінства паўстанне пацярпела паражэнне. Ц. не здолеў дамагчыся незалежнасці, аднак батавы былі вызвалены ад падаткаў. Далейшы лёс Ц. невядомы.
А.Г.Зельскі.
т. 17, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ВІЧ Ільдафонс Юр’евіч (каля 1835, Віленскі пав. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. З 1860 каморнік у Гродзенскай губ. З 1861 у Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, створанай К.Каліноўскім. У 1863 сакратар паўстанцкага цывільнага начальніка Гродзенскай губ. З лета 1863 у Вільні, адзін з бліжэйшых памочнікаў Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, член Выканаўчага аддзела Літвы. У студз. 1864 арыштаваны, прыгавораны да 6 гадоў катаргі. Далейшы лёс невядомы.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХАЛА́КСІС (ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),
адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).
т. 1, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІК Антон (1888, в. Кастрычніцкая Вілейскага р-на Мінскай вобласці — 1933?),
бел. паліт. дзеяч. Скончыў тэхнал. ін-т у Харкаве, вучыўся ў Пецярбургскім політэхн. ін-це. Чл. Бел. сацыяліст. грамады. У 1918—19 старшыня Бел. рады ў Бабруйску, чл. Нар. сакратарыята Беларусі. У 1919—20 чл. Бел. вайсковай камісіі. У 1922 абраны паслом (дэпутатам) у сейм Польскай Рэспублікі ад Зах. Беларусі, уваходзіў у Бел. пасольскі клуб. На пач. 1930-х г. эмігрыраваў у БССР. Далейшы лёс невядомы.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Сімяон),
наўгародскі, полацкі і смаленскі князь у 1-й пал. 13 ст. Сын Мсціслава Раманавіча. У 1218—19 княжыў у Ноўгарадзе. З 1222 (ці з 1223) полацкі князь. У 1232 «взя Святослав Мьстиславичь, внук Романов Смоленск на щит с полочаны на память святых мучеников Бориса и Глеба, исече смолян много, а сам седе на столе». Верагодна, знаходзіўся на смаленскім прастоле да 1239, калі яго змяніў брат Усевалад. Звесткі пра яго далейшы лёс адсутнічаюць.
А.А.Мяцельскі.
т. 14, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬКАНЕ́Ц Мар’ян Фёдаравіч (каля 1799 — ?),
дзекабрыст. З дваран Віленскай губ. У 1814—19 выхоўваўся ў Дваранскім палку пры 2-м кадэцкім корпусе; выпушчаны прапаршчыкам у Нясвіжскі карабінерны полк. З 1824 паручнік. У 1825 прыняты ў тайнае т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнічаў у падрыхтоўцы выступлення Літ. піянернага батальёна (1825). 22.3.1826 арыштаваны, знаходзіўся пад следствам у Беластоку. Прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены чыноў, дваранства, разжалаваны ў радавыя. На 6 месяцаў зняволены ў Бабруйскую крэпасць, потым служыў у Грузіі, Каўказскім асобным корпусе, у 1830 — у 10-м лінейным батальёне. Далейшы лёс невядомы.
В.В.Швед.
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́САЎ Сцяпан Пятровіч (1803?—?),
дзекабрыст, прапаршчык Палтаўскага пях. палка. У 1824 прыняты ў Т-ва з’яднаных славян. 18.2.1826 у Бабруйску ў час агляду Палтаўскага палка заклікаў салдат узняцца на барацьбу супраць царызму. Арыштаваны і закаваным у кайданы дастаўлены ў Магілёў, але ваенна-судовая камісія вырашыла судзіць яго пры Палтаўскім палку. На следстве не прызнаўся ў прыналежнасці да тайнага т-ва і нікога не выдаў. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвай катаргай. Пакаранне адбываў у Бабруйскай крэпасці. У 1863 пераведзены ў разрад «тэрміновых вязняў». Далейшы лёс невядомы.
Літ.:
Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.
В.В.Швед.
т. 15, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)