ДАЛА́Й-ЛА́МА [ад манг.далай — мора (мудрасці) + лама],
тытул паліт. (да 1951) і духоўнага ўладыкі тыбецкага народа; першасвяшчэннік ламаісцкай царквы (гл.Ламаізм). З’яўляецца таксама духоўным аўтарытэтам будыстаў тых тэрыторый, што апынуліся пад уплывам тыбецкай цывілізацыі (Манголія, Бурація, Тува, Калмыкія і інш.). Тытул Д.-л. ўстаноўлены ў 1391. Д.-л. — абаронца веруючых, зямное ўвасабленне Авалакітэшвары, будысцкай персаніфікацыі міласэрнасці. Вядома 14 носьбітаў тытула Д.-л., якіх веруючыя прымаюць за аднаго. Лічыцца, што Д.-л. не памірае, а пераўвасабляецца ў дзіця, якое нараджаецца ў час смерці Д.-л.
Першым Д.-л. быў Гедундуб (1391—1474). 5-ы — Агван Лабзан Джамцо падпарадкаваў сваёй уладзе амаль увесь Тыбет, ператварыў яго ў тэакратычную дзяржаву; вядомы як гісторык і літаратар, стваральнік новай драматургіі містэрый цам (свята ў масках). 14-ы Тэндзін Г’ягсо (Д.-л. з 1940).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́ЗМ,
адна з плыняў будызму. Узнік у 7 ст. ў Тыбеце, куды будызм пранік з Індыі ў форме махаяны. Да канца 8 ст. будызм стаў дзярж. рэлігіяй Тыбета. Тут пабудаваны першы манастыр Сам’е, з’явіліся манахі-тыбетцы, узнікла манастырскае землеўладанне; у пач. 9 ст. склалася духоўная іерархія. У перыяд т. зв. позняга распаўсюджвання будызму ў Тыбеце (10—14 ст.) узнікла мноства ламаісцкіх сект, сярод якіх найб. значнымі былі Кадампа, Сак’япа, Каджупа, Кармапа; у канцы 14 — пач. 15 ст. утварылася найб. буйная ламаісцкая секта Гэлуг-ба, заснаваная Цзанкабам (1357—1419). З 16 ст. кіраўнікі гэтай секты сталі насіць тытул Далайламы. Да сярэдзіны 17 ст. 5-му далай-ламе Агван Лабзан Джамцо (1617—82) удалося падпарадкаваць сваёй уладзе (духоўнай і свецкай) усе асн. раёны Тыбета, які т. ч. ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву; узнік ін-т панчэн-лам — другіх (пасля далай-лам) іерархаў ламаісцкай царквы. У 16—17 ст.Л. стаў пануючай рэлігіяй у Манголіі, атрымаў пашырэнне ў Тыве, Бураціі, сярод калмыкаў Паволжа. Асн. ідэі Л. выкладзены ў свяшчэнных тэкстах «Ганджур» (пераклад адкравенняў, 108 тамоў), «Танджур» (пераклад тлумачэнняў, 225 тамоў). Важнае месца ў Л. займаюць магія, вера ў шматлікія мясц. божаствы, развіты рытуальнасць і поўнае падпарадкаванне вучня настаўніку—ламе. Састаўной часткай Л. з’яўляецца тэорыя ўвасабленняў буд, бадхісатваў, божастваў у пэўных асоб — «трулку», якія лічацца зямнымі вобразамі Буды і Бадхісатвы. Цэнтрамі культавай дзейнасці прыхільнікаў Л. з’яўляюцца манастыры (дацаны), дзе адбываюцца богаслужэнні, якія складаюцца з малітваў, ахвярапрынашэнняў, музыкі (выконваецца на традыц. інструментах). Пры манастырах існавалі ламаісцкія школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛХА́СА,
горад на ПдЗ Кітая, у даліне р. Джычу (бас.р. Брахмапутра), на Тыбецкім нагор’і, на выш. 3650 м. Адм., паліт., эканам. і культ. цэнтр Тыбецкага аўт. раёна. Вузел шашэйных дарог, аэрапорт. Засн. ў 7 ст. тыбецкім царом Сранцзангамба. 107 тыс.ж. (1992). Гал.рэліг. цэнтр ламаізму ў Азіі. Прам-сць: шарсцяная і харч., металаапр., лесапільная, дрэваапр., гарбарная; дробныя маш.-буд., цэментныя, шкляныя, хім. прадпрыемствы, з-ды па вытв-сці сывараткі і вакцын, фармацэўтычны з-д, аўтарамонтныя майстэрні, друкарня, ЦЭЦ, ГЭС. Развіты рамёствы (вытв-сць дываноў, вырабаў будыйскага культу). Геафіз. абсерваторыя, метэаралагічная і доследная с.-г. станцыі. Арх. помнікі 7—17 ст. У горадзе шмат манастыроў і палацаў, упрыгожаных разьбою, шматкаляровымі размалёўкамі, драўлянай, мураванай і залатой скульптурай. У Л., на высокай гары — палац-манастыр Патала (7 ст., дабудаваны ў 16—17 ст., колішняя рэзідэнцыя далай-ламы) з Чырвоным Палацам, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.