вучэнне, паводле якога Зямля і інш. планеты рухаюцца вакол Сонца (дакладней, вакол агульнага цэнтра мас усёй сістэмы). Прыйшла на змену геацэнтрычнай сістэме свету. Стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету М.Капернік у сваім творы «Пра абарачэнне нябесных свяціл» (1543) матэматычна абгрунтаваў ідэю руху Зямлі і інш. планет вакол Сонца, вызначыў паслядоўнасць размяшчэння планет і іх адносную аддаленасць ад Сонца. Асн. палажэнні геліяцэнтрычнай сістэмы свету адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні дакладнага прыродазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТАНЬЯ́ХУ (Беньямін) (дакладнейНетаніягу Біньямін; н. 21.10.1959, Ізраіль),
палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў Масачусецкі тэхнал.ін-т (ЗША). Служыў у падраздзяленні асобага прызначэння ізраільскай арміі, займаў адказныя пасады ў прыватных фірмах. Чл. партыі Херут (Свабоды). З 1982 1-ы сакратар пасольства Ізраіля пры ААН, з 1984 пастаянны прадстаўнік Ізраіля пры ААН. У 1988—91 нам. міністра замежных спраў Ізраіля, у 1991—92 міністр канцылярыі ізраільскага прэм’ер-міністра. У 1996—99 прэм’ер-міністр Ізраіля. Прыхільнік жорсткага курсу на перагаворах з араб. краінамі па ўрэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАНА—ФРА́НЦА ЗАКО́Н,
фізічная заканамернасць, што звязвае цеплаправоднасць і электраправоднасць металаў. Устаноўлены ў 1853 ням. фізікамі Т.Відэманам і Р.Францам і ўдакладнены ў 1881 дацкім фізікам Л.Лорэнцам. Паводле Відэмана—Франца закона для ўсіх металаў адносіны каэфіцыента цеплаправоднасці χ (дакладней, яе электроннай складальнай) да іх удзельнай электраправоднасці σ прама прапарцыянальныя абс. т-ры T: χ/σ = LT, дзе L — лік Лорэнца, аднолькавы для ўсіх металаў. Узаемная сувязь эл. праводнасці і цеплаправоднасці тлумачыцца тым, што гэтыя характарыстыкі металаў абумоўлены рухам свабодных электронаў. Відэмана—Франца закон выконваецца для большасці металаў у шырокім інтэрвале т-р, а таксама для паўправаднікоў (лік Лорэнца ў гэтым выпадку залежыць ад механізма рассеяння носьбітаў зараду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТФРЫД СТРА́СБУРСКІ (Gottfried von Strassburg; ?, г. Страсбур, Францыя — каля 1210),
нямецкі паэт. Прадстаўнік свецкай плыні ў ням. куртуазнай паэзіі. Яго няскончаны вершаваны раман «Трыстан і Ізольда» (дакладней «Трыстан», каля 1207—10) — творчая перапрацоўка аднайм. старафранц. рамана англа-нармандскага трувера Томаса Брытанскага (паміж 1155 і 1170). Блізкі па светаадчуванні да аўтараў гарадской л-ры, Готфрыд Страсбурскі ў многім з’яўляецца папярэднікам гуманістаў Адраджэння, бо апяваў веліч і найвялікшую каштоўнасць зямнога кахання, натуральнае права чалавека на свабоднае выяўленне душы. Яго стыль адметны жывапіснасцю, канкрэтнай пачуццёвасцю і алегарычнасцю, часам блізкі да шванкаў (кароткіх камічных апавяданняў). Раман Готфрыда Страсбурскага завершаны яго паслядоўнікамі — паэтамі Ульрыхам фон Цюргаймам (каля 1235) і Генрыхам фон Фрайбергам (каля 1300); паводле яго створана опера «Трыстан і Ізольда» (1859) Р.Вагнера.
Тв.:
Рус.пер. — Тристан и Изольда: [Урывак] // Хрестоматия по зарубежнай литературе: Лит. средних веков. М., 1953.
Літ.:
Пуришев Б.И. Готфрид Страсбургский // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,
словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.
Літ.:
Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;
Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГАмеханічнай сістэмы,
стан механічнай сістэмы (цвёрдага цела), што знаходзіцца пад дзеяннем сіл, пры якім усе яе пункты з’яўляюцца нерухомымі адносна выбранай сістэмы адліку. Р. мае месца, калі ўсе сілы, што дзейнічаюць на сістэму, ураўнаважаны — раўнадзейная сістэмы сіл і сума момантаў сіл, што дзейнічаюць на цела, раўняюцца нулю.
Бывае ўстойлівая, няўстойлівая і нейтральная. Устойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма зноў вяртаецца ў яго, дакладней пачынае рабіць малыя ваганні адносна стану Р. Няўстойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма ўсё больш і больш ад яго аддаляецца. Пры н е й тральнай Р. цела пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану працягвае заставацца ў Р. ў новым становішчы (напр., шар на гарыз. плоскасці або цвёрдае цела, замацаванае на восі вярчэння, што праходзіць праз цэнтр цяжару). Р. вадкасцей і газаў вывучаецца ў гідрастатыцы і аэрастатыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладнейАндрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.
Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЙГЕЛЬ (дакладнейБрогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569), нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл. традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТЫ,
клас хім. злучэнняў, якія змяшчаюць вадарод, здольны пры электралітычнай дысацыяцыі ў водных растворах адшчапляцца ў выглядзе іона H+ (дакладней — іона гідраксонію H3O+). Пры замяшчэнні вадароду на іон металу ўтвараюцца солі.
У залежнасці ад колькасці іонаў вадароду, што адшчапляюцца ад малекулы, К. падзяляюць на аднаасноўныя (напр., азотная кіслата HNO3, саляная кіслата HCl), двухасноўныя (напр., серная кіслата H2SO4, вугальная кіслата H2CO3) і г. д. Паводле ступені дысацыяцыі адрозніваюць К. моцныя, якія ў разбаўленых водных растворах дысацыіруюць амаль цалкам (напр., HNO3, H2SO4), і слабыя, якія дысацыіруюць нязначна (напр., H2CO3). Для класіфікацыі К. і асноў у няводных растворах карыстаюцца пераважна 2 тэорыямі, прапанаванымі ў 1923: пратоннай І.Н.Бронстэда і электроннай Г.Н.Льюіса. Паводле тэорыі Бронстэда, К. наз. злучэнні, здольныя аддаваць пратон, а асновамі — злучэнні, здольныя далучаць яго. Згодна з тэорыяй Льюіса: К. — акцэптары электроннай пары, асновы — донары гэтай пары. Кіслотныя ўласцівасці рэчываў паводле першай тэорыі звязваюцца з наяўнасцю пратона, паводле другой — абумоўлены будовай малекул, якая вызначае іх электронаакцэптарныя ўласцівасці, таму да К., акрамя пратонных К., адносяць таксама электронаакцэптарныя злучэнні (напр., тэтрахларыд волава SnCl4, трыфтарыд бору BF3), якія не маюць вадароду.
Літ.:
Усанович М.И. Исследования в области теории растворов и теории кислот и оснований: Избр. тр. Алма-Ата, 1970;
Мискиджьян С.П., Гарновский А.Д. Введение в современную теорию кислот и оснований. Киев, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́,
графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.
Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт.Беларускі алфавіт, Графіка.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ.М., 1982;