КІСЛО́ТЫ,

клас хім. злучэнняў, якія змяшчаюць вадарод, здольны пры электралітычнай дысацыяцыі ў водных растворах адшчапляцца ў выглядзе іона Н+ (дакладней — іона гідраксонію H3O​+). Пры замяшчэнні вадароду на іон металу ўтвараюцца солі.

У залежнасці ад колькасці іонаў вадароду, што адшчапляюцца ад малекулы, К. падзяляюць на аднаасноўныя (напр., азотная кіслата HNO3, саляная кіслата HCl), двухасноўныя (напр., серная кіслата H2SO4, вугальная кіслата H2CO3) і г. д. Паводле ступені дысацыяцыі адрозніваюць К. моцныя, якія ў разбаўленых водных растворах дысацыіруюць амаль цалкам (напр., HNO3, H2SO4), і слабыя, якія дысацыіруюць нязначна (напр., H2CO3). Для класіфікацыі К. і асноў у няводных растворах карыстаюцца пераважна 2 тэорыямі, прапанаванымі ў 1923: пратоннай І.Н.Бронстэда і электроннай Г.Н.Льюіса. Паводле тэорыі Бронстэда, К. наз. злучэнні, здольныя аддаваць пратон, а асновамі — злучэнні, здольныя далучаць яго. Згодна з тэорыяй Льюіса: К. — акцэптары электроннай пары, асновы — донары гэтай пары. Кіслотныя ўласцівасці рэчываў паводле першай тэорыі звязваюцца з наяўнасцю пратона, паводле другой — абумоўлены будовай малекул, якая вызначае іх электронаакцэптарныя ўласцівасці, таму да К., акрамя пратонных К., адносяць таксама электронаакцэптарныя злучэнні (напр., тэтрахларыд волава SnCl4, трыфтарыд бору BF3), якія не маюць вадароду.

Літ.:

Усанович М.И. Исследования в области теории растворов и теории кислот и оснований: Избр. тр. Алма-Ата, 1970;

Мискиджьян С.П., Гарновский А.Д. Введение в современную теорию кислот и оснований. Киев, 1979.

В.В.Свірыдаў.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)