Дазнанне 4/119; 9/583

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗНА́ННЕ,

адна з формаў папярэдняга расследавання крымін. злачынстваў і правапарушэнняў. У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД ажыццяўляецца міліцыяй і інш. правамоцнымі органамі (дзярж. бяспекі, пажарнага нагляду, пагранічнай аховы, мытні і інш.). Адрозніваюць 2 віды Д.: па справах, папярэдняе следства па якіх абавязковае, і па справах, дзе яно не абавязковае. У першым выпадку орган дазнання ўзбуджае крымін. справу, праводзіць неадкладныя следчыя дзеянні па выяўленні слядоў злачынства і перадае справу следчаму. У другім Д. ўключае поўнае расследаванне справы; пры гэтым матэрыялы Д. з’яўляюцца падставай для разгляду справы ў судзе.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВА-ПСІХІЯТРЫ́ЧНАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

від судовай экспертызы, асн. задача якой вызначэнне псіхічнага стану абвінавачанага ці падазронага (калі існуе сумненне ў яго свядомасці), дзеяздольнасці сведкі, пацярпелага, істца, адказчыка. Праводзіцца паводле пастановы суда або асоб, якія вядуць дазнанне ці следства, з прыцягненнем адпаведных спецыялістаў у стацыянарных або амбулаторных умовах.

т. 15, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНА́ЛЬНА-ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць юрыд. норм, што вызначаюць задачы, прынцыпы, кола ўдзельнікаў крымінальнага судаводства, іх правы і абавязкі; адна з галін права Рэспублікі Беларусь. Рэгламентуе ўсе стадыі крымін. судаводства: узбуджэнне крымін. справы, дазнанне і папярэдняе следства, адданне пад суд і суд. разгляд, перагляд прыгавораў, вызначэнняў і пастаноў, выкананне прыгавору. Асн. крыніца К.-п.п. — Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,

адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВО́Д у судаводстве,

адхіленне суддзі (засядацеля) ад удзелу ў разглядзе пэўнай справы ў сувязі з яго асабістай зацікаўленасцю ў выніку справы або па інш. абставінах, якія выклікаюць сумненне ў непрадузятасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама адвод пракурору, следчаму, асобе, якая вядзе дазнанне, сакратару суд. пасяджэння, эксперту, спецыялісту, перакладчыку, панятому, калі яны асабіста, прама ці ўскосна, зацікаўлены ў выніках справы. Правілы адводу садзейнічаюць усебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму даследаванню акалічнасцяў справы і прыняццю правільнага рашэння.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАКО́Л (ад грэч. prōtokollon першы аркуш),

1) дакумент, складзены паводле пэўнай формы, які змяшчае запіс выступленняў удзельнікаў сходу, нарады, пасяджэння і прынятыя імі рашэнні.

2) Працэсуальны дакумент, у якім у пісьмовай форме фіксуюцца ход і вынікі працэсуальных дзеянняў, што ажыццяўляюцца следчым, асобай, якая вядзе дазнанне пры расследаванні крымін. спраў, і судом пры разборы крымін. і цывільных спраў, а таксама арбітражным або гасп. судом пры разборы спраў, аднесеных да іх кампетэнцыі.

3) Акт, складзены службовай асобай, які ўтрымлівае апісанне выкананых ёю дзеянняў і ўстаноўленых фактаў.

4) Рашэнне міжнар. канферэнцыі, якое мае сілу міжнар. дагавора.

5) Дыпламат. П. — сукупнасць правілаў, якія рэгулююць парадак выканання розных дыпламат. актаў.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

даследаванне, якое праводзіцца экспертам у парадку, прадугледжаным працэсуальным заканадаўствам, для ўстанаўлення па матэрыялах крымін., цывільнай або гасп. справы фактычных даных і акалічнасцей. Падставай для правядзення С.э. з’яўляецца пастанова асобы, якая вядзе следства або дазнанне, пракурора, вызначэнне суда. У працэсе С.э. на аснове спец. ведаў, неабходных для экспертызы па канкрэтнай справе, устанаўліваюцца факты, акалічнасці. С.э. вызначаецца пытаннямі, якія ставяць следчы або суд. Аб’ектам С.э. могуць быць рэчавыя доказы, месца здарэння, параўнальныя ўзоры і г.д. С.э. праводзіцца з дапамогай пэўных прыёмаў, з выкарыстаннем розных тэхн. сродкаў, з улікам прадмета экспертызы. Адрозніваюць экспертызы крыміналістычныя, мед. і псіхіятрычныя (гл. Судова-псіхіятрычная экспертыза), біял., фін.-эканам., аўтатэхн., пажарна-тэхн., буд. і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,

форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДАТКО́ВАЕ РАССЛЕ́ДАВАННЕ,

у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД дадатковае следства або дазнанне, якое праводзіцца паводле распараджэння пракурора ці вызначэння суда па крымінальнай справе, скончанай следствам. Праводзіцца ў выпадках: выяўлення пракурорам або судом непаўнаты папярэдняга следства, якая не можа быць папоўнена ў суд. пасяджэнні; істотнага парушэння органамі следства ці дазнання закону, якое перашкаджае разгляду справы судом; наяўнасці падстаў для прад’яўлення абвінавачанаму інш. абвінавачання, звязанага з раней прад’яўленым; для змянення абвінавачання на больш цяжкае або на такое, якое істотна адрозніваецца ад абвінавачання, што ўтрымліваецца ў абвінаваўчым заключэнні; наяўнасці падстаў для прыцягнення да крымін. адказнасці па гэтай справе інш. асоб і інш. падстаў, прадугледжаных заканадаўствам. Указанні пракурора і суда аб Д.р. абавязковыя для следчых і інш. дзярж. органаў, грамадскіх арг-цый і грамадзян.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)