прыстасаванне для адмервання (дазіравання) зададзеных масы або аб’ёму вадкіх ці сыпкіх матэрыялаў. Бываюць вагавыя (адмерваюць па масе) і аб’ёмныя (па аб’ёме), перыядычнага (дыскрэтнага) і бесперапыннага дзеяння, адна- і шматкампанентныя (з паслядоўным дазіраваннем некалькіх матэрыялаў), з ручным і аўтам. кіраваннем.
Д. перыяд. дзеяння звычайна маюць бункерную кампаноўку, выкарыстоўваюцца ў тэхнал. працэсах з верт. размяшчэннем абсталявання. Д. бесперапыннага дзеяння — бункернага і стужачнага тыпаў, выкарыстоўваюцца ў працэсах з гарыз. размяшчэннем абсталявання і канвеерным транспартаваннем матэрыялаў. Аб’ёмныя і аб’ёмна-вагавыя Д. робяць у выглядзе карэтачнай, стужачнай, пласціністай або вібрацыйнай сістэмы (напр., у асфальтазмешвальных устаноўках). Д. выкарыстоўваюць у вытв-сці буд. матэрыялаў, у металургіі, хім., харч. і фармацэўтычнай прам-сці, на транспарце, у гандлі і інш.
І.І.Леановіч.
Схемы дазатараў: а — аб’ёмнага (1 — мерная пасудзіна, 2 — матэрыял, які дазіруецца; 3 — адсякальнік, што закрывае мерную пасудзіну і знімае лішкі матэрыялу); б — вагавага (1 — засаўка, якая прадухіляе паступленне матэрыялу на стужку да запаўнення мернай ёмістасці 2, 3 — транспарцёр); в — штучнага (1 — бункер, 2 — загатоўкі, 3 — адсякальныя штыфты, 4 — фотаэлемент, 5 — лічыльнік загатовак, 6 — крыніца святла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМУ́ШКА,
абсталяванне для скормлівання кармоў с.-г. жывёлам і птушкам. Умяшчае макс. разавую порцыю кармоў, забяспечвае гігіенічныя ўмовы кармлення, зручная для загрузкі кармоў, ачысткі і дэзінфекцыі.
Бываюць стацыянарныя, паўстацыянарныя (пад’ёмныя), пераносныя, перасоўныя і аўтам. (аўтакармушкі). Выкарыстоўваюць таксама К.-транспарцёры, кармавыя карыты, К. камбінаваныя, індывідуальныя і групавыя. Для буйн. раг. жывёлы найчасцей выкарыстоўваюць стацыянарныя К. з адна- і двухбаковым падыходам, на даільных устаноўках — індывідуальныя для канцэнтраванага корму, для свіней — адна- і двухбаковыя, у якіх задні борт вышэйшы за пярэдні, для курэй — аўтакармушкі бункернага тыпу і жалабковыя.
Кармушкі: а — кармушка-транспарцёр (1 — стужка, 2 — ланцуг); б — аўтакармушка (1 — карыта, 2 — бункер з кормам, 3 — размеркавальны конус); в — аўтакармушка з сістэмай распазнавання жывёл (1 — камбікорм, 2 — станцыя кіравання, 3 — антэна, 4 — датчык, 5 — шнэкавы дазатар); г, д — паваротная і спараная кармушкі для свіней, е — бункерная аўтакармушка для курэй (1 — конусны бункер, 2 — кормаправод, 3 — кармавая чаша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́Н (франц. wagon ад англ. waggon павозка),
транспартны сродак для перавозкі пасажыраў або грузаў па рэйкавых пуцях. Бываюць несамаходныя (перамяшчаюцца лакаматывамі) і самаходныя (аўтаматрысы, маторавагонныя секцыі, вагоны метро, трамвая); шырокакалейныя (1525 мм) і вузкакалейныя (750, 900 і 1060 мм); двух-, чатырох-, шасці- і шматвосевыя. З вагонаў фарміруюцца чыг. саставы.
Асноўныя тыпы пасажырскіх вагонаў: агульнага прызначэння (для перавозкі пасажыраў, паштовыя, багажныя, вагоны-рэстараны) і спецыяльныя (санітарныя, лабараторныя, службовыя, клубы); далёкага накіравання, міжабласных зносін і прыгарадныя; купэйныя і некупэйныя. Асноўныя тыпы грузавых вагонаў: універсальныя (крытыя, паўвагоны, платформы, цыстэрны, вагоны ізатэрмічныя) і спец. прызначэння (для перавозкі жывёлы, бітуму, мукі, цэменту, шматвосевыя платформы-транспарцёры для перавозкі грувасткіх і цяжкавагавых грузаў, бункерныя паўвагоны, вагоны-майстэрні, пажарныя і інш.), магістральныя (агульнапуцявыя) і прамысл. транспарту (думпкары, ваганеткі, шлакавозы і інш.). Складаюцца звычайна з хадавой часткі (колавыя пары, буксы, рысорныя падвескі), рамы, кузава ці платформы, тармазных і ўдарна-цягавых прыстасаванняў. У краінах СНД найчасцей выкарыстоўваюцца чатырохвосевыя вагоны грузападымальнасцю 50—65 т. Вагоны ізатэрмічныя прызначаны для перавозкі скорапсавальных грузаў. Маюць цеплаізаляваныя кузавы і халадзільныя ўстаноўкі. Бываюць універсальныя для грузаў усіх відаў і спец. для транспарціроўкі жывой рыбы, віна і інш. З вагонаў ізатэрмічных фарміруюць цягнікі для маршрутных перавозак або секцыі па 5 і 12 вагонаў. Выкарыстоўваюць і адзіночныя (аўтаномныя) вагоны-рэфрыжэратары.
Тыпы грузавых вагонаў: 1 — суцэльнаметалічны з павялічаным праёмам дзвярэй; 2 — хопер-дазатар для перавозкі сыпкіх грузаў; 3 — з перакульным кузавам; 4 — ізатэрмічны (вагон-халадзільнік).