Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖЫ́НКІ,
старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАБ’ЁЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 10.1.1942, в. Люшнева Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Нар.арт. Беларусі (1987). Працаваў у розных творчых калектывах. З 1967 кіраўнік Брэсцкага нар. ансамбля танца «Радасць». Ажыццявіў шэраг харэаграфічных пастановак з выкарыстаннем бел.танц. фальклору («Палескае вяселле», «Радасць працы», «Свята на Палессі», «Дажынкі», «Валёнкі», «Сувенір» і інш.), падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ Сяргей, бел. этнограф і фалькларыст канца 19 ст. Даследаваў побыт некат. рэгіёнаў Беларусі, пераважна Віленшчыны. Аўтар артыкулаў «Эканамічны быт беларусаў Віленскай губерні», «Сямейны быт беларусаў Віленскай губерні», «Дажынкі», «Каляндарныя святы ў беларусаў Віленскай губерні», «Вялікдзень у беларусаў Віленскай губерні» (усе 1891), у якіх падрабязна разглядаў вытв. дзейнасць, промыслы, рамёствы, жыллё, адзенне, сямейна-побытавыя адносіны, каляндарна-агр. святы, абрады і песні, звязаныя з імі.
Тв.:
Народные белорусские свадьбы в Ошмянском уезде Виленской губернии. Вильна, 1888.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКІ (Канстанцін Іосіфавіч) (20.6.1912, в. Сівіца Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.11.1984),
бел. харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў дырыжорска-хар. (1951) і гісторыка-тэарэт. (1952) ф-ты Бел. кансерваторыі, у 1975—80 выкладаў у ёй. З 1947 кіраваў створаным ім дзіцячым хорам Бел. радыё. З 1952 гал. хормайстар, з 1958 муз. кіраўнік, у 1974—75 маст. кіраўнік Дзярж.акад.нар. хору Беларусі. З 1981 кіраваў Мінскім нар. хорам Палаца культуры Белсаўпрофа. Аўтар твораў для арк.нар. інструментаў «Чэрвеньскія росы», «Канцэртная полька», «Палеская рапсодыя», «Беларускія напевы», «Ронда», «Беларускія малюнкі», «Фантазія на беларускія народныя тэмы», песень «Край беларускі», «Песня дружбы», «Сёстры-рэспублікі», драм. балады «Міннае поле», фалькл.-ігравой кампазіцыі «Дажынкі», апрацовак бел.нар. песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МАНАЎ (Уладзімір Кірылавіч) (н. 2.2.1929, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1962), выкладаў у ім у 1963—78. Працуе ў жанрах гіст., бытавым, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Апошні бой К.Заслонава» (1964), «На сценах старога Слуцка» (1973), трыпціх «А хто там ідзе?» (1969), «Дажынкі» (1978), «Мой родны кут» (1982), «Касіў Ясь канюшыну» (1985), серыя «З эцюднікам па Еўропе», «Лазня» (абедзве 1986), «Свет Скарыны», «Зоркі не гаснуць» (абедзве 1991), «Крыжы зямлі» (1995), «Божа, дапамажы!» (1996); партрэты Героя Сац. Працы Т.Р.Арды (1982), драматурга А.Петрашкевіча (1984), Кастуся Каліноўскага («Чорная пятля», 1989); пейзажы «Прыпяцкія плёсы» (1976), «Зіма» (1988); нацюрморты «Галінка арабіны» (1988), «Бэз» (1995) і інш. Творчасць насычана нац. каларытам, дынамікай, гармоніяй колеру, у ёй — спалучэнне лірыкі і публіцыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ШКА ((Onoszko) Ян) (каля 1775, Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 1820 або 1827),
польскі і бел.паэт. Дакладныя факты біяграфіі не захаваліся. Некаторыя аўтары атаясамліваюць яго з ксяндзом Янам Аношкам, рэктарам Варшаўскай духоўнай семінарыі (1823—31). Пісаў панегірыкі шляхце, сатыр. вершы. Аўтар паэмы «Бібеіда» (распаўсюджвалася ў рукапісах). У сваіх сентыментальных творах услаўляў жыццё ў вясковым зацішшы («Муза з вясковае далі», «Мае думкі», «На дажынкі»), прапаведаваў працавітасць і сумленнасць («Літасць»), высмейваў асобныя заганы («На п’янага ветрагона»). Некаторыя яго вершы маюць рэлігійна-містычнае адценне («Сон», «Да бога»), У 1828 Т.Урублеўская выдала ў Полацку яго «Паэтычныя творы». П.Мядэкша ўключыў вершы Аношкі ў зб. «Вянок з папараці» (Вільня, 1842). Пра Аношку як «беларускага паэта» пісалі Р.Падбярэскі, рус. бібліёграф Р.Генадзі. На бел. мову творы Аношкі перакладаў У.Дубоўка.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 451—454.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁМКІНА (Вольга Васілеўна) (н. 30.4.1953, в. Забаенне Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Рэсп. школу-інтэрнат па музыцы і выяўл. мастацтве (1971), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). Працуе на Мінскім вытв.-маст. камбінаце (з 1979). У тэхніцы габелену стварае творы на тэмы бел. мінуўшчыны («Рэха», 1977, «Песня з мінулых стагоддзяў», 1978, «Ветразь міру», 1986, «На строме часу», 1986, «Малітва», 1992), чарнобыльскай трагедыі («Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся», «Крыніца часу», абедзве 1989, «Узыходжанне», 1990, «Зорка Палын», 1991, «Таямніца святла», 1995), космасу і сусвету («Пакланенне зоркам», 1992, «Песня вятроў», 1996). У работах «Дажынкі», «Гуканне вясны», «Купалле», «Паганскія сімвалы», «Гімн лілеям» (усе 1990-я г.) тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сістэму бел. арнаменту. Стварыла сцэн. касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Батык, Габелен.
Літ.:
Фатыхава Г. Зорка Палын // ЛіМ. 1996. 26 крас.;
Яе ж. Музыка габелена // Беларусь. 1996. № 10.
Г.А.Фатыхава.
В.Дзёмкіна. Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю,
святкаванне заканчэння ўборкі ўраджаю. Першыя С.ў. прымяркоўвалі да Пакроваў — стараж. земляробчага свята заканчэння палявых работ. У ім прымалі ўдзел калектыўныя і аднаасобныя гаспадаркі; праводзілі яго ў школах, хатах-чытальнях, нар. дамах, на плошчах. У падрыхтоўцы свята ўдзельнічалі выканкомы мясц. Саветаў, парт., камсамольскія, прафс. арг-цыі. Асн. мэта першых С.у. — прапаганда с.-г. вопыту. Суправаджалася выстаўкай узораў с.-г. прадукцыі, прылад працы, паказам прыёмаў апрацоўкі і ўгнаення глебы і інш. У час свята дэманстравалі апрацоўку глебы трактарам, арганізоўвалі выстаўку калгаснай прадукцыі, кірмашы. Састаўнымі элементамі С.ў. былі маст. інсцэніроўкі, канцэрты, танцы, гульні, спаборніцтвы (у прыватнасці, конныя), часам карнавальныя шэсці. Высокі эмац. настрой святу надавалі духавыя аркестры. Мастацкія рысы С.ў. ўзмацніліся ў 1960—90-я г. Яно ўзбагацілася традыц. сімваламі дажыначных абрадаў (апошні сноп жыта, ячменю, лёну, дажынкавы вянок, каравай з зерня новага ўраджаю; гл.Дажынкі). Своеасаблівасць свята выражаюць святочныя персанажы «Ураджай», «Колас», «Каласкі» і інш. Праводзяцца парады тэхнікі, выступленні ўдзельнікаў маст. самадзейнасці, спарт. выступленні, конкурсы, латарэі. Змяніліся сутнасць і значэнне свята. Яно стала святкаваннем заканчэння ўборкі ўраджаю, днём падвядзення вынікаў працы, ушанавання пераможцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАГЛЯ́НЕ СО́НЦА І Ў НА́ША АКО́НЦА»,
першая легальная бел. выдавецкая суполка. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—14. Створана па ініцыятыве Б.Д.Эпімах-Шыпілы; ставіла перад сабой асветныя мэты. Выдавала кнігі (38 назваў, агульным тыражом больш за 100 тыс.экз.), навук.-папулярныя і публіцыстычныя брашуры, паштоўкі з краявідамі Беларусі і партрэтамі бел. пісьменнікаў. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К.Л.Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай. Асн. частка тыражу трапляла на Беларусь. Дзейнасць пачала з выдання падручнікаў для школ, сярод якіх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909). У 1907—09 наладзіла выданне літ. спадчыны ў падпісной серыі «Беларускія песняры» (творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш.). З аб’яўленых 8 кніг да сак. 1908 выйшла 6, кожная тыражом 4300 экз. Выдала першыя кнігі Я.Купалы («Жалейка», 1908), З.Бядулі («Абразкі»), Ц.Гартнага («Песні», абедзве 1913). Асобнымі кнігамі перавыдала творы Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы» (1909), «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» (1910). Ў 1910—13 літаграфскім спосабам выдала рэпертуарную серыю драм. твораў («Модны шляхцюк» К.Каганца, «Сватанне» А.Чэхава, «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, «Хам» Э.Ажэшкі, «Паўлінка» Купалы). Суполцы належыць спроба стварэння літ.-мастацкага альманаха «Маладая Беларусь». Дзейнасць суполкі прыпынена ў сувязі з 1-й сусв. вайной.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 169—184;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Саламевіч Я. Выйшлі з светлага знання сяўбою // Маладосць. 1986. №6;Туронак Ю. «Загляне сонца...» і Вацлаў Іваноўскі // Спадчына. 1992. № 2.