«ВЕ́ГА»,

назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.

З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс. км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕРЛЬ (Husserl) Эдмунд

(8.4.1859, г. Просніц, Чэхія — 26.4.1938),

нямецкі філосаф, заснавальнік фенаменалогіі. Праф. у Гале, Гётынгене і Фрайбургу. Паводле Гусерля, філасофія не мае ніякіх адносін ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет — гэта толькі з’явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Гэтыя феномены ён разглядаў як абсалютныя сутнасці, што маюць усеагульнае значэнне і не залежаць ад індывід. свядомасці; асабістыя перажыванні суб’екта, яго ўспрыманне і інтуіцыя складаюць асн. крытэрый ісціны. Ідэі Гусерля сталі філас. асновай экзістэнцыялізму, паўплывалі на развіццё філас. антрапалогіі неатамізму, структуралізму, некат. навук. школ у псіхалогіі, псіхіятрыі, літ.-знаўстве, метадалогіі навукі.

Тв.:

Husserliana. Gesammelte Werke. Bd. 1—26. Den Haag, 1950—84;

Рус. Пер. — Логические исследования. Ч. 1. Пролегомены к чистой логике. СПб., 1909;

Кризис европейского человечества и философия // Вопр. философии. 1986. № 3;

Логические исследования. Т. 2, ч. 1. Исследования по феноменологии и теории познанния. Исслед. V. Об интенциональных переживаниях и их «содержаниях» // Проблемы онтологии в современной буржуазной философии. Рига, 1988.

В.В.Краснова.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНАЗЕ́МСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,

заканадаўчыя акты ВКЛ, якія дзейнічалі на тэр. ўсёй дзяржавы і замацоўвалі правы розных сац. груп, найперш шляхты. Найб. вядомыя тры прывілеі 1387 вял. князя ВКЛ Ягайлы, два з іх (ад 20 і 22 лют.) вызначалі льготы феадалам за пераход у каталіцтва, вызвалялі каталіцкае духавенства ад дзярж. павіннасцяў і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 замацоўваў унію ВКЛ з Польшчай, пашыраў правы феадалаў-католікаў і абмяжоўваў правы правасл. феадалаў. Прывілеямі 1432 і 1434 правасл. феадалам даваліся такія ж правы, як і католікам. Апошні прывілей гарантаваў асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты. Прывілеем 1447 вял. кн. Казімір забараняў надзяляць чужынцаў, у т. л. палякаў, пасадамі, маёнткамі, землямі і чынамі ў ВКЛ, абмяжоўваў права пераходу сялян ад аднаго феадала да другога. Прывілеем 1492 вял. кн. Аляксандр пацвердзіў ранейшыя правы шляхты, вызначыў асновы адм., цывільнага і крымін. права. У 1506 Жыгімонт І Стары выдаў прывілей, які пацвердзіў усе папярэднія прывілеі, дадзеныя духоўным і свецкім феадалам, гарадам, мяшчанам і наогул асобам усякага стану. Ім завяршыўся першы этап развіцця пісанага права ў форме агульназемскіх прывілеяў, потым асн. законамі краіны сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 (пра кожны гл. асобны арт).

Я.А.Юхо.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)