аптычны відарыс, які захоўваецца і перадаецца ў лічбавай форме; працэс атрымання такога відарыса з дапамогай, напр., лічбавага фотаапарата. Адносіцца да мультымедыйных сродкаў захоўвання і апрацоўкі інфармацыі (гл.Мультымедыя).
Аптычны відарыс аб’екта здымкі праектуецца ў лічбавым фотаапараце на ПЗС-матрыцу, дзе пераўтвараецца ў эл. сігнал, які запісваецца ў лічбавай форме ў блок памяці апарата. Знятыя відарысы можна праглядаць на ўбудаваным дысплеі, праводзіць іх апрацоўку (гл.Лічбавая апрацоўка відарысаў), напр., з дапамогай убудаванага працэсара рабіць мантаж і спец. эфекты, спалучаць асобныя кадры ў панараму, дадаваць звесткі аб умовах і часе здымкі, тэкставыя або гукавыя каментарыі. Лічбавы фотаапарат можна далучыць да камп’ютэра ці інш. канала сувязі з мэтай перадаць (ці атрымаць) відарысы, правесці іх далейшую апрацоўку, раздрукаваць на прынтэры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАРА́К,
паясное жаночае адзенне, спадніца з шарсцяной ці паўшарсцяной саматканкі. Вядомы па ўсёй Беларусі за выключэннем паўн.-зах. раёнаў. Шылі з 3—5 полак. Малюнак (у клетку або ў падоўжныя ці ў папярочныя палосы) утвараўся на вохрыста-ружовым, вішнёвым, сінім, зялёным, серабрыста-белым, чорным фоне тканіны. Дадатковымі элементамі дэкору служылі запрасаваныя складкі, вышыўка, карункавыя тасёмкі, стужкі. У 19 — пач. 20 ст.найб. пашыраныя былі клятчастыя андаракі (чырвона-чорныя клеткі па ўсім полі — ваўкавыска-камянецкі строй). Паступова да чорнага і чырвонага колераў пачалі дадаваць зялёны, ружовы, жоўты і інш. У паўд.-зах. і цэнтр. раёнах Беларусі пераважалі андаракі ў папярочныя палосы (ляхавіцкі строй, пухавіцкі строй), ва ўсх. — у падоўжныя (шырокія чырвоныя чаргаваліся з вузейшымі белымі). З пач. 20 ст. пашыраны аднатонныя чырвоныя, сінія і інш. андаракі. Святочныя андаракі абавязкова гафрыравалі. Выйшаў з ужытку ў 1930-я г.
Андаракі з в. Збляны Лідскага раёна Гродзенскай вобл. 1920-я г. (уверсе) і з Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.