ДАРУЧЭ́ННЕ,

цывільна-прававое пагадненне, паводле якога адзін бок (давераны) абавязваецца здзейсніць ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўныя юрыд. дзеянні (набыццё або адчужэнне маёмасці, правядзенне плацяжоў і да т.п.). Давераны абавязаны выканаць Д. асабіста. Ён можа перадаць выкананне Д. інш. асобе толькі ў тым выпадку, калі гэта абумоўлена пагадненнем або калі да гэтага вымушаюць абставіны абароны інтарэсаў даверніка. Давернік абавязаны аплаціць даверанаму ўзнагароджанне, калі гэта прадугледжана законам або дагаворам. Парадак выканання Д., правы і абавязкі яго ўдзельнікаў рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЕ́РАНАСЦЬ у цывільным праве,

пісьмовае ўпаўнаважанне адной асобы другой для прадстаўніцтва ад яе імя перад трэцяй асобай. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь даверанасць ад імя юрыд. асобы, а таксама юрыд. асобе можа быць выдадзена толькі на ажыццяўленне здзелак, якія не супярэчаць яе статусу (становішчу). Даверанасць можа мець простую пісьмовую форму або натарыяльна засведчаную — пры ажыццяўленні здзелак, якія патрабуюць натарыяльнай формы (напр., купля жылога дома). Даверанасць можа быць выдадзена не больш як на 3 гады. Даведнік Давернік можа ў любы час адмяніць даверанасць, а прадстаўнік — адмовіцца ад яе.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)