«Даведачны энцыклапедычны слоўнік» 11/465

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЧНАЕ ВЫДА́ННЕ,

1) выданне, якое змяшчае навукова вывераны тэкст і яго розныя варыянты, каментарыі і інш. даведачны апарат. Да акадэмічных выданняў належаць найб. поўныя зб. тв. класікаў л-ры, навукі, грамадскай думкі (напр., у 1991—95 АН Беларусі выдадзены Поўны зб. тв. М.​Багдановіча; т. 1—3).

2) Выданні, якія публікуюцца акадэміямі.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НЦАЎ (Міхаіл Васілевіч) (12.10.1865, Смаленск — 21.7.1945),

бел. кампазітар, харавы дырыжор і педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1894, клас кампазіцыі М.​Рымскага-Корсакава). З 1896 жыў у Віцебску, выкладаў хар. спевы ў розных навуч. установах, рэдагаваў газ. «Витебские губернские ведомости» (1905—12). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі (1918, чытаў у ёй лекцыі па гісторыі музыкі), кіраўнік Дзярж. хору. Майстар харавога пісьма, аўтар апрацовак бел. нар. песень («А ў полі вярба», «Кума мая, кумачка» і інш.), прасякнутых тонкім лірызмам рамансаў на вершы рус. паэтаў. З інш. твораў: кантата «Да стогадовага юбілею Пушкіна», гімн «У памяць стагоддзя Айчыннай вайны 1812 года», харавы «Рэквіем» («Не плачце над прахам забітых байцоў»). Напісаў шэраг вучэбных дапаможнікаў, метадычных работ, у т. л. «Нотная тэрміналогія. Даведачны слоўнік» (Віцебск, 1904).

С.​Г.​Нісневіч.

М.В.Анцаў.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),

збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.​Фіялкам (1864—1936) і У.​Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.​Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж. актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.​Длугаша, М.​Стрыйкоўскага, І.​М.​Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.

Публ.:

Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.

Літ.:

Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;

Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЫЯЛЕКТАЛАГІ́ЧНЫ А́ТЛАС БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ»,

сістэматызаваны набор лінгвістычных карт, на якіх пры дапамозе ўмоўных знакаў адлюстравана пашырэнне ў межах беларускай мовы разнастайных асаблівасцей яе гаворак. Выдадзены ў 1963. Адзін з найб. поўных лінгвістычных атласаў, адлюстроўвае стан развіцця бел. гаворак у іх прасторавых узаемаадносінах у сярэдзіне 20 ст. Ствараўся на аснове метадалагічных прынцыпаў і метадычных прыёмаў, прынятых сав. школай лінгвістычнай геаграфіі. Яго складанню папярэднічаў працяглы перыяд абследавання жывых гаворак у межах нац. тэр. Беларусі па спец. праграме, арыентаванай на выяўленне сістэмна звязаных дыялектных адрозненняў. У аснове Атласа — тэорыя акад. Р.І.Аванесава. Складаецца з 2 раздзелаў. У 1-м змешчаны 7 гіст.-адм. і 338 лінгвістычных карт, якія даюць максімальную інфармацыю пра фанет. сістэму, грамат. структуру і лексічныя асаблівасці бел. гаворак. 2-і раздзел уключае ўступныя артыкулы, каментарыі да карт, даведачны і фактычны матэрыял. Калектыву аўтараў (Г.​У.​Арашонкава, М.​В.​Бірыла, Н.​Т.​Вайтовіч, І.​М.​Гайдукевіч, А.​П.​Груца, З.​Ф.​Краўчанка, А.​А.​Крывіцкі, Ю.​Ф.​Мацкевіч, А.​Р.​Мурашка, Я.​М.​Рамановіч, А.​І.​Чабярук, В.​М.​Шэлег) і рэдактараў (Аванесаў, К.​Крапіва, Мацкевіч) за комплекс работ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971.

Ю.​Ф.​Мацкевіч.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МАГІЛЁЎСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

Засн. ў Магілёве ў 1919 як Магілёўскае губ. архіўнае ўпраўленне, пазней бюро, з 1924 Магілёўскі акр. архіў (аддзел) Цэнтр. архіва БССР. У 1930 фонды архіва перададзены Цэнтр. дзярж. архіву Кастр. рэвалюцыі (знаходзіўся ў Магілёве). У 1938 адноўлены як Магілёўскі абл. архіў. На 1.1.1941 у архіве зберагалася каля 1300 фондаў, 650 тыс. адзінак захоўвання. У час 2-й сусв. вайны большасць фондаў загінула, страчаны ўвесь навук.-даведачны апарат, частка дакументаў вывезена гітлераўцамі ў Рыгу. У 1943 архіў аднавіў дзейнасць. На 1.1.1997 у архіве 2440 фондаў, 436 185 адзінак захоўвання з 1917. На зберажэнні дакументы, што ўтварыліся ў працэсе дзейнасці мясц. органаў улады, устаноў, прадпрыемстваў, што дзейнічалі на тэр. сучаснай Магілёўскай вобл. У архіве прадстаўлены матэрыялы ўстаноў першых гадоў сав. улады, пра арганізацыю і дзейнасць рэв. к-таў, пра гісторыю с.-г. і культ. будаўніцтва ў вобласці, пра прамысл. развіццё і нар. адукацыю, навуку, прафс. рух і інш. Дакументы на бел., рус., ням., польск. і яўр. мовах.

Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; аўтаматызацыі інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.

Г.​І.​Жаваранкава.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯБІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + бібліяграфія),

персанальная бібліяграфія, від бібліяграфіі, у якім інфармацыя пра друкаваныя творы падаецца разам з біягр. звесткамі пра іх аўтараў і літаратурай, прысвечанай ім. Матэрыялы ў біябібліягр. слоўніках і паказальніках групуюцца па тыпавой схеме з невял. адхіленнямі.

Адно з першых такога роду выданняў англ. слоўнік «Хто ёсць хто» (выдаецца з 1849). У Расіі выйшлі «Даведачны слоўнік пра рускіх пісьменнікаў і вучоных, якія памерлі ў XVIII і XIX стагоддзях, і спіс рускіх кніг з 1725 да 1825» Р.​М.​Генадзі (т. 1—3, 1876—1908), «Агляд жыцця і прац памерлых рускіх пісьменнікаў і пісьменніц» Д.​Д.​Языкова (вып. 1—13, 1885—1916), «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» С.​А.​Вянгерава (т. 1—6, 1886—1904) і інш. Сярод апошніх біягр. слоўнік «Рускія пісьменнікі, 1800—1917» (т. 1—3, 1989—94); у Польшчы выходзяць слоўнік «Бібліяграфія польскай літаратуры. Новы Корбут» (т. 1—17, 1963—81), «Польскі біяграфічны слоўнік» (т. 1—36, 1935—95).

На Беларусі выйшлі біябібліягр. паказальнікі, прысвечаныя А.​Кіркору (1911), Я.​Купалу (1953), К.​Чорнаму (1954), П.​Глебку (1957), Я.​Ф.​Карскаму (1958), М.​Лынькову (1959), Я.​Коласу (1983), К.​Крапіве і І.​Мележу (1963), П.​Броўку (1976), М.​Багдановічу (1977), Ф.​Скарыну і У.​Пічэту (1978). Выдадзены таксама біябібліягр. слоўнікі «Усходнеславянскія мовазнаўцы» М.​Г.​Булахава (т. 1—3, 1976—78) і «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95).

Л.​І.​Збралевіч.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).

2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб. стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.​Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.​Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.​Ф.​Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.​Я.​Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.​М.​Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.​П.​Навіцкага, 1871—72).

Літ.:

Старабеларускія лексіконы /Склад. А.​А.​Яскевіч. Мн., 1992.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ГА,

пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл. Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл. Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл. Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.

Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст. н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб. стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб. стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст.палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.

Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.​Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.​Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.

Літ.:

Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;

Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;

Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);

Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт. Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.

В.​М.​Герасімаў.

Да арт. Кніга. Выданні Ф.​Скарыны. 16 ст.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СІ,

галоўная універсальная навук. б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-ка БДУ (гл. Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел. дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел. дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-т БССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн. адзінак захоўвання. Б-ка стала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл. Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт. Бібліятэка). На пач. 1941 б-ка стала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял. Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс. экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн. адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.

Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс. адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л. бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.​В.​Доўнар-Запольскага, Е.​Р.​Раманава, А.​М.​Семянтоўскага, У.​І.​Пічэты, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, Я.​Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.​Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.​Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.​Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.​Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.​Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.​Ф.​Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.​Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.​Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.​В.​Ламаносава, М.​І.​Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.​М.​Жуковіча, І.​П.​Карнілава, У.​І.​Пічэты, А.​П.​Сапунова. І.​І.​Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.​Ф.​Карскага, М.​А.​Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел. газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.​Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.​Маркса, Ф.​Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял. Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс. экз.), больш за 100 тыс. адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.

Штогод б-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн. экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.​Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.

Літ.:

Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.

Т.​М.​Мінчэня.

Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.

т. 3, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)