БІЯБІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + бібліяграфія),

персанальная бібліяграфія, від бібліяграфіі, у якім інфармацыя пра друкаваныя творы падаецца разам з біягр. звесткамі пра іх аўтараў і літаратурай, прысвечанай ім. Матэрыялы ў біябібліягр. слоўніках і паказальніках групуюцца па тыпавой схеме з невял. адхіленнямі.

Адно з першых такога роду выданняў англ. слоўнік «Хто ёсць хто» (выдаецца з 1849). У Расіі выйшлі «Даведачны слоўнік пра рускіх пісьменнікаў і вучоных, якія памерлі ў XVIII і XIX стагоддзях, і спіс рускіх кніг з 1725 да 1825» Р.​М.​Генадзі (т. 1—3, 1876—1908), «Агляд жыцця і прац памерлых рускіх пісьменнікаў і пісьменніц» Д.​Д.​Языкова (вып. 1—13, 1885—1916), «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» С.​А.​Вянгерава (т. 1—6, 1886—1904) і інш. Сярод апошніх біягр. слоўнік «Рускія пісьменнікі, 1800—1917» (т. 1—3, 1989—94); у Польшчы выходзяць слоўнік «Бібліяграфія польскай літаратуры. Новы Корбут» (т. 1—17, 1963—81), «Польскі біяграфічны слоўнік» (т. 1—36, 1935—95).

На Беларусі выйшлі біябібліягр. паказальнікі, прысвечаныя А.​Кіркору (1911), Я.​Купалу (1953), К.​Чорнаму (1954), П.​Глебку (1957), Я.​Ф.​Карскаму (1958), М.​Лынькову (1959), Я.​Коласу (1983), К.​Крапіве і І.​Мележу (1963), П.​Броўку (1976), М.​Багдановічу (1977), Ф.​Скарыну і У.Пічэту (1978). Выдадзены таксама біябібліягр. слоўнікі «Усходнеславянскія мовазнаўцы» М.​Г.​Булахава (т. 1—3, 1976—78) і «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95).

Л.​І.​Збралевіч.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)