КУМЫСАЛЯЧЭ́ННЕ,

ужыванне з лекавымі мэтамі пажыўнага напітку з кабылінага (радзей вярблюджага і каровінага) малака — кумысу. У качавых народаў вядома са стараж. часоў. Навук. абгрунтаванне К. ў Расіі дадзена М.​В.​Поснікавым (у 1883 пабудаваў кумысалячэбніцу непадалёку ад г. Самара). На Беларусі кумысалячэбніцы ў 2-й пал. 19 ст. існавалі ў г. Дуброўна (Віцебская вобл.) і Ігуменскім пав. (Мінская вобл.). К. пашырана пераважна на курортах паўд. раёнаў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, краінах Сярэдняй Азіі. Найб. дабратворны ўплыў яно аказвае пры туберкулёзе лёгкіх ці перыферычных лімфатычных вузлоў, павялічвае сакрэцыю страўніка, паляпшае састаў крыві; рэкамендуецца пры гастрытах, С-гіпавітамінозе, паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРСЕ́С ШНАРАЛІ́ (1101, крэпасць Цоўк у Кілікіі, цяпер тэр. Турцыі — 13.8.1173),

армянскі паэт, царк. дзеяч. Атрымаў рознабаковую адукацыю ў манастыры Кармір. З 1126 епіскап, з 1166 каталікос Арменіі (Нерсес IV Дабратворны). Пісаў тэксты духоўных гімнаў і малітваў, дыдактычныя вершы, свецкія песні, а таксама музыку да іх. Сістэматызаваў гадавы цыкл стараж.-арм. духоўных песнапенняў, дапоўніў іх уласнымі вобразамі, матывамі. Апрацаваў тэксты Гімнарыя (Шыраканы) і Літурпярыя (Патаракаматуц). Аўтар тэматычна разнастайных паэм: гіст. «Віпасануцюн» (1121), ліра-эпічнай «Элегія на ўзяцце Эдэсы» (1145—46, апубл. 1643), рэліг. «Слова пра веру» (1151) і «Ісус Сын» (1152), дыдактычнай «Пра неба і свяцілы» (1162), празаічнага зб. «Пасланні» (1166, апубл. 1788), вершаваных загадак, набліжаных да фальклору (каля 300). Яго творы прасякнуты гуманіст. і патрыят. пафасам, адметныя шырынёй тэматыкі, непарыўнай сувяззю з вуснай нар. творчасцю.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэзия Армении с древнейших времен до наших дней. Ереван, 1987 [факс. изд.: Ереван, 1916].

А.​Казінян.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР ((Miller) Генры Валенштайн) (26.12.1891, Нью-Йорк — 7.6.1980),

амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Сіці-каледжы (1909). Дэбютаваў у 1922. Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Тропік Рака» (1934, экранізацыя 1970). Раманы «Чорная вясна» (1936), «Тропік Казярога» (1939), трылогія «Дабратворны крыж» («Сексус», «Плексус», «Нексус», 1949—60) адметныя ўвагай да інтымна-прыватнага, «начнога» боку чалавечага жыцця; эротыка ў іх узнята на гратэскава-міфалагічны ўзровень, мае абагульнена-сімвалічны характар. Паэтыка М. спалучае ў сабе натуралізм, шарж, экстравагантнасць з глыбокім лірызмам і філасафічнасцю. Аўтар аўтабіягр. кн. «Маё жыццё і мая эпоха» (1971), кніг апавяданняў, эсэ, публіцыстыкі, п’ес, вершаў у прозе. Пра жыццё і творчасць М. зняты кінафільмы «Адысея Генры Мілера» (1969), «Генры і Джун» (1990). На бел. мову частку яго эсэ «Час забойцаў» пераклаў Дз.​Серабракоў.

Тв.:

Бел. пер. — «Час забойцаў» // Крыніца. 1999. № 1;

Рус. пер. — Избранное. Вильнюс;

М., 1995;

Роза Распятая: Трилогия: Сексус. Плексус. Нексус. Т. 1—2. М., 1999.

Літ.:

Алякринский О. Абеляр из Бруклина: Жизнь и книги Генри Миллера // Всемир. лит. 1997. № 9;

Лявонава Е.А. Чалавечае, надта чалавечае: (Эстэт. абрыс Генры Мілера) // Крыніца. 1999. № 1.

Е.​А.​Лявокава.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІЦІРО́ЎКА,

якасная ацэнка асобных прыродных рэсурсаў (водаў, глебаў, лясоў, жывёльнага свету і інш.), іх тэрытарыяльных спалучэнняў або сукупнасцяў (біягеацэнозаў, ландшафтаў, угоддзяў, запаведных участкаў і інш.) ці асобных гасп. каштоўнасцяў. Найбольшае гасп. значэнне мае баніціроўка с.-г. жывёл, глебы і лесу (гл. Банітэт).

Баніціроўка сельскагаспадарчых жывёл — іх ацэнка паводле племянных і прадукцыйных вартасцяў для вызначэння парадку далейшага выкарыстання. Уключае комплексную ацэнку жывёл паводле паходжання, экстэр’еру, прадукцыйнасці, узнаўленчай здольнасці і якасці патомства. Адно з асн. масавых мерапрыемстваў па паляпшэнні статкаў. На Беларусі праводзіцца (з 1934) заатэхнікамі-селекцыянерамі ці спецыялістамі-баніцёрамі ва ўсіх племянных статках штогод у пэўныя тэрміны. Баніціруюць: кароў, быкоў, маладняк буйн. раг. жывёлы з 6 месяцаў; свінаматак, кныроў, рамонты маладняк з 2 месяцаў; аўцаматак, бараноў і маладняк авечак танкарунных і паўтанкарунных парод з аднагадовага ўзросту, грубашэрсных, мяса-сальных і неспецыялізаваных парод ва ўзросце каля 1,5 года, футравых — у 7—8 месяцаў, смушкавых — ва ўзросце 1—2 сут; маладняк козаў ва ўзросце 3,5—4 месяцаў і 1 года; дарослую птушку, маладняк курэй і індыкоў з 2 месяцаў, качак і гусей з 3 месяцаў. Паводле вынікаў баніціроўкі фарміруюць племянное ядро, племянны маладняк, групу жывёл, не прыдатных на племя, і інш. групы, распрацоўваюць мерапрыемствы для павышэння даходнасці фермаў. Баніціроўка глебы — параўнальная ацэнка якасці глебы па яе найважнейшых агранамічных уласцівасцях. Неабходна для эканам. ацэнкі зямлі, вядзення зямельнага кадастру, меліярацыі і інш. Пры баніціроўцы ўлічваюцца прыродныя якасці глебы (грануламетрычны склад, увільготненасць, завалуненасць і камяністасць, кіслотнасць), дабратворны і шкодны ўплыў на яе гасп. дзейнасці чалавека (намнажэнне гумусу, асн. пажыўных рэчываў для раслін, пашкоджанасць у выніку эрозіі і інш.). Баніціроўка вядзецца па 100-бальнай шкале. Ва ўмовах Беларусі найвышэй ацэнены дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы — 63—100 балаў. Бал банітэту глебаў дзярнова-падзолістых 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных 20—64, тарфяна-балотных 36—75, поймавых 31—88.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)