РАФІНО́ЗА,
трыцукрыд, які складаецца з астаткаў глюкозы, фруктозы і галактозы (C18H32O16 або C18H32O16∙5H2O). Пашырана ў раслінах (асабліва ў цукр. бураках). Салодкасць Р. складае 23% салодкасці цукрозы. Адносіцца да вугляводаў, якія не засвойваюцца арганізмам чалавека.
Белы крышт. парашок, устойлівы да шчолачаў. Пад уплывам ферменту рафіназы Р. гідралізуецца на фруктозу і дыцукрыд мелібіёзу, ферменту эмульсіну — на цукрозу і галактозу. Выкарыстоўваецца як харч. дабаўка для атрымання сумесей вугляводаў.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗО́Л,
араматычны вуглевадарод, C6H6, мал. м. 78,11. Бясколерная вадкасць, tкіп 80,1 °C, шчыльн. 0,879∙103 кг/м³. Раствараецца ў вуглевадародах, эфірах, горш у метаноле; з вадой і спіртамі ўтварае азеатропныя сумесі. Атрымліваюць выдзяленнем з фракцый коксахім. вытв-сці, каталітычным рыформінгам нафтавых фракцый C6—C8. Сыравіна ў вытв-сці стыролу, фенолу, капралактаму, аніліну, нітрабензолу, арган. фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, пестыцыдаў і інш.; растваральнік лакафарбавых матэрыялаў, каўчукаў; дабаўка да маторнага паліва. Таксічны: раздражняе скуру, выклікае сутаргі, пры шматразовых уздзеяннях малых канцэнтрацый — змены формулы крыві і крывятворных органаў, ГДК 5 мг/м³.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МА,
сухія сцёблы раслін, што застаюцца пасля малацьбы збожжавых і зернебабовых культур, таксама лёну, канапель і інш., з якіх выдалены лісце, суквецці, насенне. С. збожжавых культур — грубы баластны корм пераважна для буйн. раг. жывёлы ці дабаўка да сакаўных кармоў. Пажыўная каштоўнасць невял. — клятчаткі 35—45%, мала пратэіну (3—4%), мінер. рэчываў, вітамінаў. Для паляпшэння пажыўнасці С. здрабняюць, запарваюць, сіласуюць, апрацоўваюць хім. рэчывамі. Выкарыстоўваюць таксама на подсціл жывёле, у цэлюлознай і папяровай прам-сці, для прыгатавання буд. матэрыялаў (саману і саламіту), плеценых вырабаў. С. лёну і канапель — сыравіна для атрымання трасты, з якой вылучаюць тэкст. валокны.
т. 14, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАМІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, α-амінаглутаравая кіслата,
HOOCCH2CH2CHNH2COOH; важнейшая заменная амінакіслата. Уваходзіць у састаў практычна ўсіх прыродных бялкоў і інш. біялагічна актыўных рэчываў (глутатыёну, фоліевай к-ты, фасфатыдаў). У свабодным стане ёсць ва ўсіх тканках жывых арганізмаў, займае ключавое становішча ў азоцістым абмене. Сукупнасць абарачальных ферментатыўных рэакцый пераносу амінагруп у жывых арганізмаў (пераамінаванне) адбываецца ў сістэме глутамінавай кіслаты — глутамін-α-кетаглутаравая к-та. Біясінтэз глутамінавай кіслаты — галоўны шлях асіміляцыі аміяку ў многіх арганізмаў. Глутамінавая кіслата ўдзельнічае ў біясінтэзе многіх заменных амінакіслот, пурынаў; у клетках ц. н. с. пераносіць іоны калію K+ і абясшкоджвае аміяк, выконвае функцыю медыятара. Выкарыстоўваецца як смакавая дабаўка да харч. прадуктаў і як лекавы сродак.
т. 5, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУТ «БЕЛРАД».
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. навукова-тэхн. цэнтра «Радыяметр» (утвораны ў 1990 на базе Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі). У ін-це (2000): аддзел радыяцыйнага маніторынгу прадуктаў харчавання, лабараторыя спектраметрыі чалавека і радыяцыйнай аховы насельніцтва, доследная вытв-сць са спецыялізаванымі лабараторыямі радыяцыйных вымярэнняў і распрацоўкі радыеметрычных прылад.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: стварэнне і рэалізацыя сістэмы радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу харч. прадуктаў на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі; распрацоўка новых методык кантролю забруджанасці радыенуклідамі прадуктаў харчавання і с.-г. прадукцыі; распрацоўка, выраб і ўкараненне радыеметрычных прылад; абследаванне жыхароў Чарнобыльскай зоны па вызначэнні ўзроўню назапашвання радыенуклідаў у арганізме і распрацоўка рэкамендацый па радыяцыйнай ахове насельніцтва; даследаванне эфектыўнасці энтэрасарбентаў розных тыпаў, у т. л. пекцінзмяшчальных прэпаратаў, для выдалення радыенуклідаў з арганізма. Ін-т мае спектрометры выпрамянення чалавека, якія выкарыстоўваюцца ў перасоўных радыелагічных лабараторыях для вызначэння колькасці цэзію-137 у арганізме людзей; у 1996—2000 абследавана больш за 95 тыс. бел. дзяцей. З 2000 выпускаецца пекцінавая харч. дабаўка «Вітапект». У Ін-це працуе чл.-кар. Нац. АН Беларусі В.Б.Несцярэнка (дырэктар).
А.М.Дэвойна.
т. 13, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)