Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРЫЁН,
спадарожнік планеты Сатурн. Адлегласць ад Сатурна 1,48 млн.км, найб. папярочнік каля 350 км, сідэрычны перыяд абарачэння 21,28 сут. Адкрыты Дж.Ф.Бондам (1848, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГФЕ́ЛА (Longfellow) Генры Уодсуарт
(27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),
амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант.паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш.Сусв. вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.Куляшоў, асобныя творы Ю.Гаўрук, А.Мардвілка.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;
Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» //Полымя. 1970. № 12;
Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁЛЬДЭРЛІН (Hölderlin) Іаган Крысціян Фрыдрых
(20.3.1770, г. Лаўфен-ам-Некар, Германія — 7.6.1843),
нямецкі паэт. Папярэднік рамантызму. Вучыўся ва ун-це Цюбінгена (1788—93), вывучаў тэалогію, філасофію, ант. мастацтва, сябраваў з Г.Гегелем і Ф.Шэлінгам. Працаваў хатнім настаўнікам. Усведамленне сваёй несумяшчальнасці з рэчаіснасцю, беднасць, трагічнае каханне паўплывалі на яго душэўны стан (з 1802 псіхічна хворы). У ранніх «Цюбінгенскіх гімнах» («Гімны да ідэалаў Чалавецтва», 1790—97) апяваў свабоду, гармонію, хараство, сяброўства, даў канцэпцыю бясконцага руху чалавецтва да дасканаласці. Пераход да сталай паэзіі (2-я пал. 1790-х г.) адзначаны зваротам да ант. верша. Стараж. Эладу Гёльдэрлін успрымаў як эталон гарманічнага існавання (філас. оды і элегіі «Майн», «Некар», «Гайдэльберг», «Мая ўласнасць», паэма «Архіпелаг» і інш.). Філас.-лірычны раман «Гіперыён, ці Пустэльнік у Грэцыі» (т. 1—2, 1797—99) прасякнуты любоўю да мінулага Грэцыі і трывожным роздумам пра шляхі цывілізацыі. У цэнтры філас. трагедыі «Смерць Эмпедокла» (1798—99) праблемы пошукаў найлепшага грамадскага ладу і духоўныя супярэчнасці генія. Пераклады трагедый Сафокла, эпінікіяў Піндара стымулявалі яго пераход да т.зв. «жорсткага стылю», які стаў адметнай рысай позніх філас. гімнаў Гёдэрліна, аб’яднаных умоўнай назвай «Айчынныя песняпевы». Яны ствараюць шырокую панараму гіст. руху еўрап. цывілізацыі («Вяртанне на радзіму», «Ля вытокаў Дуная», «Рэйн», «Тытаны», «Свята міру» і інш.). Паэзія Гёдэрліна паўплывала на творчасць многіх еўрап. паэтаў. На бел. мову вершы Гёдэрліна перакладаў В.Сёмуха.