ГІ́ДРЫ
(Hydrida),
атрад беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу жыгучых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных (зрэдку саланаватых) вадаёмах усяго зямнога шара. На Беларусі 3 віды: гідра звычайная, або бессцябліністая (Hydra vulgaris); гідра сцябліністая, або бурая (Pelmatohydra oligactis); гідра зялёная (Chlorohydra viridissima).
Цела цыліндрычнае, полае, даўж. да 3 см, жаўтавата-шэрае, бурае, ярка-зялёнае або чырвонае. На адным канцы цела падэшва, якой гідры прымацоўваюцца да субстрату, на другім — рот, абкружаны 4—20 шчупальцамі з жыгучымі клеткамі. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Раздзельнаполыя і гермафрадыты. Пасля апладнення звычайна гінуць, а з яец вясной выходзяць маладыя гідры. Драпежнікі: жывяцца інфузорыямі, калаўроткамі, ракападобнымі, малашчацінкавымі чарвямі, лічынкамі рыб. Аднаўляюцца з 1/200 ч. цела (рэгенерацыя). Індыкатары чысціні вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца ў доследах.
т. 5, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРА,
у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.
т. 5, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ІДНЫЯ
(Hydrozoa),
клас беспазваночных тыпу жыгучых. 2 падкласы, каля 2800 відаў. Пераважна марскія жывёлы, існуюць таксама прэснаводныя формы (каля 20 відаў). На Беларусі з гідроідных трапляюцца гідры. Выкапнёвыя існавалі ў ардовіку — дэвоне.
Цела цыліндрычнае, з 2 слаёў клетак. У большасці гідроідных чаргуюцца бясполае пакаленне (сядзячы паліп) і палавое (плаваючая медуза). У некат. гіброідных паліпы пры пачкаванні ўтвараюць вял. калоніі. Палавыя пакаленні (медузы) раздзельнаполыя, свабодна плаваюць у вадзе. Драпежнікі, жывяцца дробнымі жывёламі.
т. 5, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБІЁЗ
(ад ана... + ...біёз),
стан арганізма, пры якім жыццёвыя працэсы (абмены рэчываў і інш.) часова спыняюцца або настолькі запавольваюцца, што адсутнічаюць усе бачныя прыкметы жыцця. З’яўляецца эвалюцыйна выпрацаваным фізіял. прыстасаваннем арганізмаў да ўздзеяння адмоўных фактараў асяроддзя (нізкія або высокія т-ры, адсутнасць вільгаці, корму і інш.). Пры спрыяльных умовах нармальныя функцыі жыццёвых працэсаў аднаўляюцца. Назіраецца ў мікраарганізмаў (спораўтваральныя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы), раслін і жывёл. Уваходзіць у нармальны цыкл развіцця многіх арганізмаў (насенне, споры, цысты). Беспазваночныя (гідры, чэрві, некаторыя ракападобныя, насякомыя, малюскі) і пазваночныя (земнаводныя і паўзуны) пры анабіёзе здольны страчваць да 3/4 вады з тканак. З’яву анабіёзу выкарыстоўваюць пры прыгатаванні сухіх жывых вакцын, кансерваванні донарскай крыві і тканак для трансплантацыі, спермы жывёл і інш.
т. 1, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)