ГІГА́НЦКІ АЛЕ́НЬ,

гл. Алень велікарогі.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГА... (ад грэч. gigas гіганцкі),

дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​9 зыходным адзінкам. Пазначаецца Г. Напр., 1 ГВт = 10​9 Вт, 1 ГэВ = 10​9 эВ.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кенгуру 5/547—548; 10/119

- » - гіганцкі 5/547 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ-МА́ЎНТЫНС (Blue Mountains),

Блакітныя горы, нацыянальны парк на ПдУ Аўстраліі, штат Новы Паўд. Уэльс. Знаходзіцца ў Блакітных гарах — ч. Вял. Водападзельнага хр. Засн. ў 1959. Пл. 208,1 тыс. га. Пясчанікавыя плато (выш. да 1362 м), падзеленыя глыбокімі цяснінамі, ландшафты вільгацетрапічных і эўкаліптавых лясоў. Месцы пражывання качканоса, яхідны, сумчатых (каала, апосум, гіганцкі шэры кенгуру, валару і інш.), птушак трапічнага лесу (пячорная валасянка, рыжая веерахвостка, голуб Вонга, жоўты мухалоў і інш.). Аб’ект турызму.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГС-КАНЬЁН (Kings Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, у штаце Каліфорнія, на зах. схілах цэнтр. ч. горнай сістэмы Сьера-Невада. Засн. ў 1940. Пл. 186,2 тыс. га. Горныя хрыбты (выш. 1500—2500 м), хрыбет Сьера-Невада (выш. 4116 м), самы глыбокі ў Паўн. Амерыцы аднайм. каньён (2400 м, цясніна р. Кінгс), азёры, вадаспады, горныя лугі, хвойныя лясы (хвоя, піхта, секвоядэндран гіганцкі). Водзяцца чорны мядзведзь, горны баран і інш. Агаленні меза- і кайназойскіх адкладаў. Біясферны рэзерват. Аб’ект турызму.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЯНО́СЦЫ (Dasypodidae),

сямейства млекакормячых атр. непаўназубых. Вядомы з адкладаў верхняга палеацэну ў Паўд. і з плейстацэну ў Паўн. Амерыцы. 9 родаў, 20—25 відаў. Пашыраны ад Пд ЗША да Чылі і Аргенціны. Жывуць у стэпах, пустынях, саваннах і па ўзлесках. Найб. вядомыя браняносец дзевяціпаясны (Dasypus novemcinctus), які можа скруціцца ў клубок, і браняносец гіганцкі (Priodontes giganteus).

Даўж. цела 12—100 см, хваста 2,5—50 см, маса 0,3—55 кг. Спіна ўкрыта касцявым, а зверху рагавым панцырам са шчыткоў, якія ляжаць палосамі. Нараджаюць 2—12 дзіцянят. Драпежнікі. Здабываюць дзеля мяса і панцыра. 4 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Браняносец дзевяціпаясны.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВА́Ч (Calvatia),

род базідыяльных грыбоў сям. дажджавіковых. 35 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 3 віды. Найб. вядомыя галавач мешкападобны (Calvatia utriformis) і гіганцкі (Calvatia gigantea). Глебавыя сапратрофы. Растуць асобнымі экзэмплярамі і групамі пераважна на лугах і пашах. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.

Пладовыя целы наземныя, розных памераў (ад 5 да 60 см), авальныя, шарападобныя, грушападобныя, плаўна пераходзяць да асновы ў баразнаватую ножку. У асобных відаў пладовае цела сядзячае. Мякаць белая з прыемным пахам і смакам, складаецца з камер, з узростам распыльваецца на споры і капіліцый. Маладыя грыбы ядомыя. Некаторыя віды маюць біялагічна актыўнае рэчыва кальвацын.

В.​С.​Гапіенка.

Галавач падоўжаны.

т. 4, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІ́ДАВЫЯ, зданевыя,

палачнікі (Phasmoptera, або Phasmida, або Phasmodea),

атрад насякомых. Каля 2,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на раслінах.

Даўж. да 35 см (самыя вял. з насякомых). Самкі буйнейшыя за самцоў. Форма цела палачкападобная (адсюль адна з назваў) або лістападобная (у лістацелаў). Крылаў у большасці відаў няма. Вочы добра развітыя. Ногі хадзільныя. Ротавы апарат грызучы. Расліннаедныя. У развіцці — партэнагенез, ператварэнне няпоўнае. Паводзіны і афарбоўка П. маюць прыстасавальнае значэнне: у нерухомым стане яны падобныя на галінкі, сцёблы, кавалкі кары, лісце. Здольныя доўга знаходзіцца ў стане «васковай гнуткасці» (каталепсія). Уласціва аўтатамія, страчаныя ч. цела лёгка ўзнаўляюцца.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Прывідавыя. Палачнікі: 1 — гіганцкі інданезійскі; 2 — індыйскі.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НЬ ВЕЛІКАРО́ГІ, гіганцкі алень,

ірландскі алень (Megaloceros giganteus),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. аленевых атр. парнакапытных. Вядомы з сярэдняга і верхняга плейстацэну і ранняга галацэну Еўразіі і Паўн. Афрыкі. Асабліва многа шкілетаў знойдзена ў тарфяніках Ірландыі, на стаянках чалавека каменнага веку ў сярэдніх і паўд. шыротах, у т. л. ў Крыме і на Паўн. Каўказе, цэлыя шкілеты — на тэр. Разанскай і Екацярынбургскай абласцей Расіі. На Беларусі рэшткі аленя велікарогага выяўлены каля Смаргоні і в. Вейна (Магілёўскі р-н).

Буйная жывёла з вялізнымі (больш за 4 м у размаху) лапатападобнымі рагамі з некалькімі адросткамі. Вонкава нагадваў лань. Жыў на вільготных лугах па берагах рэк і балотаў, пазбягаў лясоў, у ледавіковыя эпохі адступаў на Пд.

Алень велікарогі. Шкілет. Рэканструкцыя.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАШКАЕ́ДАВЫЯ (Myrmecophagidae),

сямейства млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. Вядомы з ніжняга міяцэну Паўд. Амерыкі (каля 25 млн. г. назад). 3 роды (мурашкаеды гіганцкія — Myrmecophaga, карлікавыя — Cyclops, тамандуа — Tamandua), 3 віды. Пашыраны ад Паўд. Мексікі да Паўн. Аргенціны. Жывуць у трапічных лясах, трапляюцца ў саваннах. Наземныя і дрэвавыя жывёлы. Гіганцкі, або трохпальцы, мурашкаед (M. trydactila) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела да 120 см, хваста да 90 см, маса да 23 кг. Валасяное покрыва развітое. Канец морды трубкападобны. Кіпцюры на пярэдніх лапах доўгія (да 10 см), загнутыя, вострыя. Язык доўгі (да 60 см), ліпучы; служыць для лоўлі насякомых (пераважна мурашак і тэрмітаў). Нараджаюць 1 дзіцяня.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Мурашкаедавыя. Мурашкаеды: 1 — карлікавы; 2 — вялікі; 3 — тамандуа.

т. 11, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)