ГАЛІНО́ЎСКАЯ (Ніна Васілеўна) (н. 18.12.1935 в. Вялікія Лазіцы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Магілёўскае дашкольнае педвучылішча (1955). Працавала выхавацелькай дзіцячага сада, дзіцячага дома (1955—58), карэктарам (1962—67). Друкуецца з 1958. Піша для дзяцей. Аўтар кніжак вершаў «Давайце пазнаёмімся» (1962), «Размова сняжынак» (1968), «Кніжчыны сябры» (1975), «Незвычайны карагод» (1986), «Восень едзе ў магазін» (1990), «Гусіны капялюшык» (1994) і інш. Вершы Галіноўскай напісаны вобразнай мовай, з любоўю да маленькіх чытачоў, з дабрынёй разумнага настаўніка.
т. 4, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЭ́БНІ, скрэбені, калючагаловыя чэрві,
акантацэфалы (Acanthocephala),
клас паразітычных першаснаполасцевых чарвей (існуюць інш. класіфікацыі). Каля 1500 відаў. На Беларусі 11 відаў, найб. вядомыя акантацэфалус гусіны (Acanthocephalus anguillae), макракантарынхус п’яўкавы (Macracanthorhynchns hirudinaceus), паліморфус вялікі (Polymorphus magnus) і інш. Паразіты кішэчніка пазваночных жывёл (канчатковыя гаспадары), узбуджальнікі акантацэфалёзаў.
Даўж. да 68 см, цела двухбаковасіметрычнае, верацёнападобнае, укрыта кутыкулай, у некат. відаў з шыпікамі. Пярэдні канец цела ператвораны ў орган прымацавання — хабаток з хіцінавымі кручкамі Крывяносная, дыхальная і стрававальная сістэмы адсутнічаюць, нерв. складаецца з галаўнога нерв. вузла і парных прадаўгаватых тулаўных ствалоў. Жыўленне асматычным шляхам Раздзельнаполыя Развіццё з метамарфозам і зменай гаспадароў. Прамежкавыя гаспадары — ракападобныя, малюскі і насякомыя.
т. 14, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)