АКАРЫ́НА (італьян. ocarina літар. гусяня),

музычны інструмент класа аэрафонаў віду глабулярных флейтаў. Мае гліняны корпус авальнай формы, свістковае прыстасаванне, 8—10 ігравых адтулін. Створана ў 1860 італьян. майстрам Дж.​Данацы, хутка пашырылася ў краінах Еўропы, у т. л. на Беларусі (нар. назвы «карына», «конік»). У адпаведнасці з бел. традыцыяй набыла цыліндрычную форму. Вырабляецца найчасцей уручную, пакрываецца палівай. Выкарыстоўваецца пастухамі для ігры сола, музыкантамі-аматарамі для суправаджэння спеваў.

І.​Дз.​Назіна.

Акарыны.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Валерый Уладзіміравіч) (16.3.1923, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія — 16.2.1997),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1940—43). Апавяданні і аповесці «Гусяня трэцяга сорту» (1960), «Баранкін, будзь чалавекам!» (1962; аднайм. мультфільм 1963), «Воўка Вяснушкін ў краіне завадных чалавечкаў» (1964), «Працяжнік — працяжнік — кропка» (1965), раман «Вясельны марш» (1974), п’есы «Жах-жах — жахлівая гісторыя» (1966), «Двайнік чэмпіёна» (1978) і інш. пра жыццё дзяцей і падлеткаў, іх маральнае фарміраванне, юнацкае каханне і сяброўства. Аўтар вершаў, казак, інтэрмедый, клаунад, сцэнарыяў маст. і мультыплікацыйных фільмаў і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя Н.​К.​Крупскай 1983.

Тв.:

Свадебный марш: Избр. М., 1983;

Баранкин, будь человеком: Повести. Мн., 1989;

Капитан Соври-голова: Повести. М., 1990.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)