«ГУСАЧО́К»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24. Тэмп павольны. Танцоры імітуюць рухі гусей за важаком: нетаропкі, з боку ў бок крок, звілістыя лініі, спіралі ў малюнку. Часта суправаджаецца прыпеўкамі: «Гэй, гэй, гусачок, // Ці харошы касначок? // Гэр, гэр, гуска, // Ці хароша хустка?». Зафіксаваны ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ТНІК, кала (Calla),

манатыпны род кветкавых раслін сям. ароннікавых. 1 від — К. балотны (C. palustris). Пашыраны ва ўмераным і субарктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі расце на балотах, у забалочаных чорна-альховых лясах. Нар. назвы: заечы бабоўнік, пеўнікі, гуска, жытніца. Пад назвай кала ў цяпліцах і аранжарэях вырошчваюць некат. віды блізкага роду Zantedeschia з Паўд. Афрыкі.

Шматгадовая травяністая расліна з кароткім узыходным сцяблом выш. да 30 см і паўзучым карэнішчам. Лісце шырокасэрцападобнае, доўгачаранковае, бліскучае. Кветкі без калякветніка, дробныя, двухполыя, у шчыльных катахах, абгорнутых белым пакрывалам. Плады — чырв. сакаўныя ягады, сабраныя ў суплоддзі. Лек., дэкар. і акварыумная расліна. Ядавіты, асабліва ягады і карэнішча.

Г.​У.​Вынаеў.

Капытнік балотны.

т. 8, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СІ СВО́ЙСКІЯ,

вадаплаўныя птушкі сям. качыных атрада гусепадобных. Паходзяць пераважна ад дзікай шэрай гусі (Anser anser), пашыранай у Еўразіі. Гусі свойскія вызначаюцца інтэнсіўным ростам, высакаякасным мясам, скараспеласцю. На Беларусі гадуюць пераважна гусей рэйнскай пароды, таксама буйных шэрых, італьянскіх, кітайскіх, кубанскіх, ландскіх, роменскіх, халмагорскіх і інш.

Тулава гусі свойскай лодкападобнае, падоўжаная шыя мае 17—18 пазванкоў. Над дзюбай у некат. парод (напр., кітайскай, халмагорскай) ёсць касцяны выраст (гуз). Апярэнне белае і шэрае рознага адцення: дзюба і плюсны аранжавыя. Пуховае покрыва шчыльнае. У прамысл. гаспадарках гусей свойскіх гадуюць 3—4 гады, у племянных — да 5 гадоў. Гуска нясецца 4—5 месяцаў, дае ў сярэднім 25—30 і больш яец; у прамысл. гаспадарках яйцаноскасць 50—80 яец і больш за год. Жывая маса дарослых гусакоў 5—8, гусак 4—7 кг.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)