КАПЫ́ТНІК, кала (Calla),

манатыпны род кветкавых раслін сям. ароннікавых. 1 від — К. балотны (C. palustris). Пашыраны ва ўмераным і субарктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі расце на балотах, у забалочаных чорна-альховых лясах. Нар. назвы: заечы бабоўнік, пеўнікі, гуска, жытніца. Пад назвай кала ў цяпліцах і аранжарэях вырошчваюць некат. віды блізкага роду Zantedeschia з Паўд. Афрыкі.

Шматгадовая травяністая расліна з кароткім узыходным сцяблом выш. да 30 см і паўзучым карэнішчам. Лісце шырокасэрцападобнае, доўгачаранковае, бліскучае. Кветкі без калякветніка, дробныя, двухполыя, у шчыльных катахах, абгорнутых белым пакрывалам. Плады — чырв. сакаўныя ягады, сабраныя ў суплоддзі. Лек., дэкар. і акварыумная расліна. Ядавіты, асабліва ягады і карэнішча.

Г.​У.​Вынаеў.

Капытнік балотны.

т. 8, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)