ГУРЛО́ (Мікалай Васілевіч) (15.5.1914, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.9.1980),
бел. графік. Вучыўся ў Маскоўскім паліграф. ін-це (1938—41). Працаваў у станковай, кніжнай графіцы, плакаце. Аўтар сатыр. і гумарыстычных малюнкаў для час. «Вожык», «Полымя», «Работніца і сялянка», «Беларусь» і інш. Аформіў кнігі «Мушка-зелянушка» М.Багдановіча (1961), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.Астрэйкі (1959), «На вясёлай хвалі» Э.Валасевіча (1967) і інш. Творчасці ўласцівы актуальнасць праблематыкі, лаканізм, вобразная выразнасць, добразычлівы гумар, сатыр. вастрыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Алесь) (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскай вобл. — 4.2.1938),
бел.паэт.Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, Ш.Руставелі і інш.
Тв.:
Вершы. Мн., 1972;
Нашы птушкі. Мн., 1974.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд.Мн., 1963. С. 86—113;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Гурло М. В. 3/144; 5/368—369 (укл.), 468; 11/297; 12/614
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«АГІТПЛАКА́Т»,
перыядычнае выданне Саюза мастакоў БССР. Выдаваўся ў 1966—90 Мінскім маст.-вытворчым камбінатам (72 плакаты на год). Плакаты адлюстроўвалі актуальныя для таго часу падзеі жыцця Беларусі. Выконваліся спосабам шоўкатрафарэтнага друку. У «Агітплакаце» працавалі мастакі М.Гурло, Р.Данчанка, У.Жук, У.Крукоўскі, А.Чуркін, В.Шматаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРЯ́»,
літаратурна-грамадскі рукапісны часопіс. Выдаваўся ў 1910 у г. Капыль Мінскай вобл. на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». У ім супрацоўнічалі З.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.Гурло, Х.Станілевіч, Х.Чарнышэвіч і інш. Меў раздзелы белетрыстыкі, літ. крытыкі і публіцыстыкі. У часопісе змешчаны апавяданні Н.Беленькага «Сухотны» і А.Неўліна «Ахвяра», вершы. У крытычных артыкулах, скіраваных супраць дэкадэнтаў і мадэрністаў, высока ацэньвалася бел. паэзія, адзначалася яе цесная сувязь з нар. жыццём. Выйшла 15 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 28.6.1922, в. Сыцянец Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1954). Скончыў БДУ (1948). У 1947—88 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Беларусь», Ін-це педагогікі, Белдзяржфілармоніі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Друкуецца з 1947. Аўтар манаграфіі «Кузьма Чорны: Ідэі і вобразы ў творчасці» (1956), артыкулаў пра творчасць К.Чорнага, Я.Коласа, З.Бядулі, П.Глебкі, А.Гурло і інш. Раман «Разгневаная зямля» (1984) пра барацьбу мінскіх патрыётаў супраць ням.-фаш. захопнікаў. Сааўтар (з У.Агіевічам) школьных падручнікаў па бел. л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРО́БЛІСК»,
«Пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка», аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліп. 1927 — студз. 1928. Засн. ў Мінску. Ініцыятары стварэння і члены — выключаныя ў крас. 1927 з «Маладняка» Я.Бобрык, В.Каваль, Т.Кляшторны, В.Маракоў, І.Плаўнік, Я.Туміловіч, а таксама А.Гурло, А.Звонак, С.Фамін, М.Хведаровіч, Н.Чарнушэвіч і інш. Ставіла за мэту стварэнне пралетарскай л-ры, адлюстраванне ў маст. форме будаўніцтва сацыялізму ў рэспубліцы. З прычыны сваёй нешматлікасці і неакрэсленасці творчай праграмы суполка не разгарнула шырокай дзейнасці і заявіла (28.1.1928) пра самаліквідацыю. Члены яе былі зноў прыняты ў «Маладняк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«І́СКРА»,
газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 10—27.6.1925 (аднадзёнка — 31.5.1925) у Вільні на бел. мове. Змяшчала матэрыялы на актуальныя тэмы паліт. жыцця Польшчы, Зах. Беларусі, аналізавала знешнюю і ўнутр. палітыку польскага ўрада. Асаблівую ўвагу аддавала зямельнай рэформе і яе вырашэнню ў сейме. Апублікавала выступленні ў сейме дэпутатаў Бел. пасольскага клуба Б.Тарашкевіча, Ф.Ярэміча, сенатара А.Назарэўскага, інтэрпеляцыі бел. паслоў з выпадку злоўжыванняў польскай адміністрацыі на зах.-бел. землях, пастановы III з’езда Кампартыі Польшчы, прапановы асобных сенатараў у абарону інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі. Змясціла ўрыўкі з паэмы Я.Купалы «Безназоўнае», асобныя вершы А.Гурло. Выйшла 7 нумароў, з іх 2 канфіскаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,
рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.Гурло (псеўд. Л.Эхо), Х.Чарнышэвіч (псеўд. Н.Буржэнін), Дз.Чарнушэвіч (псеўд. Ф.Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).