ГУ́МУС
(ад лац. humus зямля, глеба),
перагной, высокамалекулярныя цёмнаафарбаваныя арган. рэчывы глебы. Складаецца з гумусавых к-т (гумінавых і фульвакіслот), гуміну і інш. Утвараецца ў выніку гуміфікацыі прадуктаў распаду арган. рэшткаў. Мае элементы жыўлення раслін, якія пасля раскладання гумусу пераходзяць у даступную для іх форму. Глебы, багатыя гумусам, урадлівыя. З колькасцю гумусу ў глебе звязаны яе водны і цеплавы рэжым, біял. актыўнасць, міграцыя ў глебавым профілі прадуктаў глебаўтварэння і інш. Колькасць гумусу ў глебе — характэрная прыкмета пры вызначэнні яе тыпаў (напр., у чарназёмах назапашваецца да 15% гумусу, у падзолістых глебах — да 6%, у шэра-бурых пустынных — менш за 1%).
т. 5, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,
даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.
т. 5, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІФІКА́ЦЫЯ
(ад амоній + лац. facio раблю),
працэс раскладання мікраарганізмамі арган. азоцістых рэчываў глебы з вылучэннем аміяку. Мае вял. значэнне ў кругавароце азоту ў прыродзе і жыўленні раслін. У аманіфікацыі ўдзельнічаюць гніласныя бактэрыі, актынаміцэты, плесневыя грыбы. Аманіфікацыі падвяргаюцца рэшткі раслін, жывёл, якія загінулі, гумус, арган. ўгнаенні і інш. Аміяк, што выдзяляецца пры аманіфікацыі, часткова выкарыстоўваецца мікраарганізмамі ў сінтэзе бялкоў уласных клетак. Большая колькасць яго ператвараецца ў глебе ў аманійныя солі, якія засвойваюцца раслінамі, частка акісляецца да нітратаў (гл. Нітрыфікацыя). Лепш працякае ў слабакіслых і нейтральных, дастаткова ўвільготненых глебах, што добра аэрыруюцца.
т. 1, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
сумесь прыродных арган. злучэнняў, найважнейшая састаўная частка гумусу, торфу (25—50%), бурых і каменных вуглёў (да 60%), глеб (да 10%).
Гумінавыя кіслоты — высокамалекулярныя аксікарбонавыя араматычныя к-ты, у сухім стане — аморфны цёмна-буры парашок. Элементны склад гумінавых кіслот: 50—70% вугляроду, 25—35% кіслароду, 4—6% вадароду. Утвараюцца пры біяхім. пераўтварэнні прадуктаў раскладання арган. рэшткаў у гумус (гуміфікацыя). Выкарыстоўваюць як кампанент раствораў для бурэння нафтавых і газавых свідравін, арганамінер. угнаенняў; як кіслотаўстойлівыя напаўняльнікі акумулятараў, стымулятары росту раслін; для паляпшэння структуры глебы і інш.
т. 5, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупныя працэсы, ад якіх залежыць утварэнне глебы. Паводле В.В.Дакучаева, глебу фарміруюць клімат, мацярынская парода, жывыя арганізмы (расліны, мікраарганізмы, глебавыя жывёлы), рэльеф мясцовасці, час. Вельмі ўплывае на глебаўтваральныя фактары і вытв. дзейнасць чалавека (мех. апрацоўка глебы, меліярацыя, унясенне арган. і мінер. угнаенняў, высечка лесу, узорванне і інш.). Усе глебаўтваральныя фактары ўзаемазвязаны.
Клімат уплывае на характар выветрывання горных парод, вызначае цеплавы і водны рэжым глебы. Мацярынская парода ў працэсе глебаўтварэння ператвараецца ў глебу. Ад яе грануламетрычнага складу і структуры залежаць уласцівасці глебы, паветраны рэжым і інш. Уздзеянне жывых арганізмаў выяўляецца ў назапашванні і разбурэнні арган. рэчыва, якое ствараецца зялёнымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу, унясенні ў глебу і на яе паверхню арган. і мінер. рэчываў у выглядзе каранёвага і наземнага ападу, які з дапамогай мікраарганізмаў і глебавых жывёл ператвараецца ў гумус. Расліны і жывёлы рыхляць глебу, паляпшаючы яе паветраныя і водныя ўласцівасці. Роля рэльефу заключаецца ў пераразмеркаванні на паверхні глебы рэчываў і энергіі, што істотна ўплывае на ўтварэнне пэўных глеб. Час развіцця сталага глебавага профілю залежыць ад геал. ўзросту тэрыторыі і ў розных умовах складае ад некалькіх дзесяткаў да тысяч гадоў.
Т.А.Раманава.
т. 5, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БА,
паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.
Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.
На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.
Н.М.Івахненка.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)