ГУ́ЛАК
(Hulak) Яраслаў (н. 10.9.1920, г. Прахаціцы, Чэхія),
чэшскі перакладчык. Перакладае творы слав. л-р. На чэш. мову пераклаў раман І.Мележа «Мінскі напрамак», аповесці В.Быкава «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня», «Абеліск», «Сотнікаў», «Дажыць да світання», «Круглянскі мост», «Знак бяды», «Кар’ер». Аўтар прадмоў і пасляслоўяў да перакладзеных ім кніг.
А.В.Мажэйка.
т. 5, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́К Мікалай Іванавіч
(1822, Залатаношскі р-н Чаркаскай вобл., Украіна — 7.6.1899),
украінскі грамадскі дзеяч, вучоны, педагог. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1843). Вывучаў стараж. акты ў архівах Украіны, гісторыю ўсх. і зах. славян. Адзін з заснавальнікаў Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства, аўтар яго праграмных дакументаў. З 1847 у Пецярбургу, выступаў за стварэнне федэратыўнай слав. рэспублікі, знішчэнне прыгоннага права і саслоўных прывілеяў. Па даносе арыштаваны і зняволены ў Шлісельбургскую крэпасць (1847—50), сасланы ў Перм (1850—55). З 1859 выкладаў у Адэсе, Крыме, на Каўказе. Аўтар прац па гісторыі, матэматыцы, філасофіі і інш.
т. 5, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ Пётр Пятровіч
(27.1.1790, г. Гарадзішча Чаркаскай вобл., Украіна — 13.10.1865),
украінскі паэт, байкапісец, родапачынальнік жанру балады ва ўкр. л-ры. Вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі (да 1813). Скончыў Харкаўскі ун-т (1821). З 1825 прафесар, у 1841—49 рэктар гэтага ун-та. Арыгінальныя творы Гулака-Арцямоўскага прасякнуты гумарам і песеннасцю, нар. матывамі (байкі «Пан і сабака», 1818; «Бацька і сын», 1827; балада «Твардоўскі», 1827, і інш.). Перакладаў на рус. мову творы Гарацыя, Ж.Ж.Русо, Дж.Мільтана, А.Міцкевіча. На бел. мову асобныя творы Гулака-Арцямоўскага пераклалі Э.Валасевіч, П.Місько.
Тв.:
Твори. Київ, 1978;
Поетичні твори. Київ, 1984.
В.А.Чабаненка.
т. 5, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ
(Арцямоўскі) Сямён Сцяпанавіч (16.2.1813, г. Гарадзішча, Украіна — 17.4.1873),
украінскі і рускі спявак (барытон), кампазітар, драм. акцёр, драматург. Вучыўся ў кіеўскіх духоўным вучылішчы (1824—30) і духоўнай семінарыі (1835—38), удасканальваў майстэрства ў Прыдворнай пеўчай капэле (Пецярбург) пад кіраўніцтвам М.Глінкі. У 1842—64 саліст імператарскай оперы ў Пецярбургу (перыядычна выступаў у спектаклях італьян. оперы і драматычных). У 1864—65 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным прыгожым голасам і драм. талентам. Выканаў больш за 50 оперных партый, у т. л. Руслан («Руслан і Людміла» Глінкі), Мазета («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Антоніо, лорд Генрых Эштан («Лінда ды Шамуні» і «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці). Яго творчасць як кампазітара прасякнуга ўкр. нац.-песенным каларытам. Аўтар 1-й укр. оперы «Запарожац за Дунаем» на ўласнае лібрэта (паст. 1863; партыя Карася), тэкстаў і музыкі вадэвіля «Ноч на Івана Купалу» (1852), вак.-харэаграфічнага дывертысмента «Украінскае вяселле» (1851; партыя запарожца-бандурыста), драмы «Караблеразбуральнікі» (1853), рамансаў, песень, у т. л. «Стаіць явар над вадою», прысвечанай яго сябру Т.Шаўчэнку. Як драм. акцёр выступаў у п’есах І.Катлярэўскага.
Літ.:
Кауфман Л. С.С.Гулак-Артемовський. Київ, 1962.
т. 5, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)