нулявы мерыдыян, пачатковы мерыдыян Зямлі з геагр. даўгатой λ = 00°00′00″. Праходзіць праз адзін з пунктаў Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі. Адлікі (ад 0° да 180°) вядуцца ў напрамку на У (усх. даўгата) і на З (зах. даўгата) або ад 0° да 360° у напрамку на У. Грынвіцкі мерыдыян з’яўляецца таксама сярэднім мерыдыянам нулявога гадзіннага пояса Зямлі пры разліках зямнога часу (зорнага, сонечнага, дэкрэтнага). Сусветны час на Грынвіцкім мерыдыяне прыняты роўным нулю. Час кожнага наступнага гадзіннага пояса (праз 15°00′00″усх. даўгаты) узрастае на 1 гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НВІЧ, Грынуіч (Greenwich),
горад у Вялікабрытаніі, у ніжнім цячэнні р. Тэмза. З 1964 гар. акруга Вял. Лондана. Каля 250 тыс.ж. (1994). Праз Грынвіч праходзіць Грынвіцкі мерыдыян. Астранамічная абсерваторыя (засн. ў 1675), у 1953 перанесена ў замак Хёрстмансо (15 ст.), за 70 км на ПдУ. У Грынвічы Нац. марскі музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́Н ЗЯМНЫ́ (лац. meridianus паўдзённы),
мерыдыян геаграфічны, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцю, праведзенай праз які-н. пункт зямной паверхні і зямную вось. Усе пункты зямной паверхні, якія ляжаць на адным М.з., маюць аднолькавую даўгату геаграфічную. Мерыдыян пачатковы — мерыдыян, ад якога вядзецца адлік геагр. даўгаты; у міжнар. практыцы за пачатковы прыняты Грынвіцкі мерыдыян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НВІЦКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
найстарэйшая абсерваторыя Англіі. Засн. ў 1675 у Грынвічы (прадмесце Лондана). У 1954 пераведзена ў замак Хёрстмансо, за 70 км ад Лондана. У Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі даследуюць рух і становішча зорак, Сонца, планет; вызначаюць дакладны час, вымяраюць паралаксы зорак і інш.Асн. інструменты: 28- і 26-цалёвыя рэфрактары, 98-цалёвы рэфлектар і інш. Цераз першапачатковае месцазнаходжанне Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі праходзіць Грынвіцкі мерыдыян. З 1767 Грынвіцкая астранамічная абсерваторыя выдае астр. штогоднік «Марскі альманах». Дырэктару Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі надаецца тытул каралеўскага астранома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
шырата і даўгата, якія вызначаюць становішча пункта на зямной паверхні. Геагр. шырата φ — вугал паміж лініяй адвеса ў дадзеным пункце і плоскасцю экватара, які адлічваецца ад 0 да 90° у абодва бакі ад экватара: на Пн — паўночная шырата, на Пд — паўднёвая. Геагр. даўгата λ — вугал паміж плоскасцю мерыдыяна, які праходзіць праз дадзены пункт, і плоскасцю пач. мерыдыяна (гл.Грынвіцкі мерыдыян). Даўготы ад 0° да 180° на У ад пач. мерыдыяна наз. ўсходнімі, на З — заходнімі. Геаграфічныя каардынаты абагульняюць астр. і геад. каардынаты пры вырашэнні задач інж. геадэзіі, калі няма патрэбы ўлічваць несупадзенне астр. і геад. каардынат.
Геаграфічныя каардынаты пункта M: шырата φ (вугал MCN); даўгата λ (вугал OCN); P і P′ — Паўночны і Паўднёвы полюсы Зямлі.