Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Міцэлій, гл.Грыбніца
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,
часткі расліны, якія служаць для жыўлення і росту, для падтрымання жыцця арганізма, таксама для вегетатыўнага размнажэння. Да іх належаць у вышэйшых раслін корань, сцябло, ліст і іх відазмяненні — карэнішчы, цыбуліны, клубні, вусікі, калючкі і інш., у ніжэйшых раслін — усё іх цела, якое наз. таломам або слаявінай (грыбніца, ці міцэлій грыба, ніжэйшыя водарасці). Марфал. і анат. будова вегетатыўных органаў залежыць ад навакольнага асяроддзя і функцый, якія яны выконваюць. Пры змене функцый адбываюцца і адпаведныя відазмяненні (Гл.Метамарфоз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦЭ́ЛІЙ (ад грэч. mykēs грыб),
грыбніца, вегетатыўнае цела грыба (талом), якое складаецца з тонкіх галінастых нітак — гіфаў. Развіваецца ўнутры (радзей на паверхні) субстрата, дзе жыве грыб. Праз М. асматычным шляхам з субстрату паглынаюцца пажыўныя рэчывы. У хітрыдыевых грыбоў, зігаміцэтаў і ааміцэтаў М. няклетачны і з’яўляецца адной клеткай, якая дасягае ў некат. грыбоў (напр., у мукора) некалькіх Дзесяткаў сантыметраў. У аскаміцэтаў, базідыяльных і недасканалых грыбоў М. клетачны. Часткамі М. ажыццяўляецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў, на ім утвараюцца рэпрадуктыўныя органы і пладовыя целы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́ТНАЯ ГНІЛЬбуракоў,
хвароба караняплодаў буракоў у перыяд захоўвання, якая выклікаецца комплексам грыбоў і бактэрый. Найб. пашырана шэрая гніль (узбуджальнік — грыб Botritis cinerea) і фамоз (узбуджальнік — грыб Phoma betae). На хворых каранях з’яўляецца белы, шэры ці ружавата-белы налёт споранашэння грыба, потым фарміруюцца цёмныя склероцыі, якімі грыб зімуе. Пры фамозным гніенні грыбніца развіваецца ў тканках каранёў, надае ім цёмна-карычневы колер і фарміруе масы пладовых цел (пікнідаў). Пашкоджаныя караняплоды гніюць. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках, у глебе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ-БАРА́Н, грыфала кучаравая,
губавы базідыяльны грыб сям. албатрэлавых. Трапляецца ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі рэліктавы від, знойдзены ў Пружанскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім р-нах; занесены ў Чырвоную кнігу. Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах пры аснове старых ствалоў дуба, граба, вяза, клёна, значна радзей сасны. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у ліпені—верасні.
Пладовае цела дыям. да 1 м і масай да 10—20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, радыяльна-маршчакаватыя, шурпатыя, жаўтавата-шэрыя ці шаравата-бурыя. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным пахам арэха. Споры гладкія, бясколерныя. Фітапатагенны грыб. Грыбніца жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў, утварае белую стрыжнёвую гніль са шматлікімі поласцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАКТАНІЁЗ,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.
Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.
Л.М.Прыступук.
Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.