ГРЫБНА́Я КАПУ́СТА, спарасіс кучаравы (Sparassis crispa),

базідыяльны грыб з роду спарасіс сям. рагацікавых. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца рэдка, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў хвойных лясах, каля асновы ствалоў, радзей на свежых пнях. Выклікае жоўта-бурую гніль каранёў і асновы ствалоў хвоі. Малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у жн. — лістападзе.

Пладовае цела дыям. 10—35 см, масай да 10 кг, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль назва); у маладых грыбоў белаватае, у старых вохрыстае, светла-карычневае. Тканка белая, валакністая, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Споры эліпсоідныя, гладкія, жаўтаватыя.

Грыбная капуста.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКТЭНХІ́МА (ад грэч. plectos сплецены + enchyma што напаўняе, тут: тканка) несапраўдная тканка грыбоў, утвораная спляценнем гіфаў. Гіфы складаюцца з клетак, якія дзеляцца толькі папярочнымі перагародкамі (у сапраўднай тканцы клеткі дзеляцца ва ўсіх напрамках). З П. фарміруюцца пладовыя целы і некат. вегетатыўныя ўтварэнні грыбоў (напр., склероцыі) для выжывання ў неспрыяльных умовах. У выглядзе П. таксама можа быць грыбная састаўная лішайнікаў — мікабіёнт.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫМАШЭ́ЎСКІ (Ігар Віляёравіч) (н. 25.11.1959, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1979). Працуе ў станковым жывапісе, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладным мастацтве. Сярод лепшых твораў жывапісныя палотны «Карусель» (1992), «Зімою на дачы» (1994), «Святочная павозка» (1995), «Над роднай зямлёю» (1996), «Русалкі» (1997), «Мастацтва належыць народу», «Шчаслівы дзень» (абодва 1999), «Першы дзень вясны», «Баюшкі-баю», «Вясковая пантэра», «Грыбная юшка» (усе 2000), вітраж у бальніцы г. Іўе Гродзенскай вобл. (1988), размалёўка сталовай Мінскага з-да «Ударнік» (1990). Работы вызначаюцца наіўна-прымітыўным выяўленнем рэчаіснасці, выкарыстаннем чыстых колераў, штрыхавасцю мазка.

Л.​Ф.​Салавей.

І.Рымашэўскі. Вясковая пантэра. 2000.

т. 13, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЛАФАРА́ЛЬНЫЯ, непласціністыя (Aphyllophorales),

парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гіменаміцэты. Уключае 20 сям., каля 300 родаў і 3 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна ў лясных зонах. На Беларусі каля 300 відаў з 87 родаў і 16 сям.: балетопсідных, ганадэрмавых, гіменахетавых, каніяфоравых, картыцыевых, лахнакладыевых, лісічкавых, паліпоравых, порыевых, рагацікавых, скутыгеравых, стэрэумавых, тэлефоравых, фістулінавых, шызафілавых, вожыкавікавых. Большасць афілафаральных — сапратрофы. Жывуць на раслінных субстратах (адмерлай драўніне, лясным подсціле, на глебавым гумусе). Ёсць паразіты травяністых і дрэўных раслін, мікарызаўтваральнікі. Многія афілафаральныя (губавыя грыбы, дамавыя грыбы) разбураюць драўніну. Некат. віды (напр., флебія гіганцкая) выкарыстоўваюцца як біял. антаганісты шкодных разбуральнікаў драўніны — каранёвай губкі. Ёсць лек. (чага, лісічкі і інш.), ядомыя (бяляк, грыбная капуста, грыбная локшына, лось, пеўнік, стракач і інш.). Як рэдуцэнты (дэструктары) адмерлай драўніны і ападу афілафаральныя адыгрываюць вял. ролю ў кругавароце рэчываў.

Міцэлій развіваецца ў субстраце. Гіфы шматлікія, бясколерныя або злёгку афарбаваныя, у некаторых відаў утвараюць грыбныя шнурочкі і плеўкі. Пладовыя целы разнастайнай формы (распасцёртыя, прамастойныя. булавападобныя, цыліндрычныя, разгалінаваныя, шапкападобныя з цэнтр. або эксцэнтрычнай ножкай, сядзячыя, паўкруглыя, капыта-, кансолепадобныя, прымацаваныя бокам ці зачаткавай бакавой ножкай), памераў (ад некалькіх мм да 1 м), колеру і кансістэнцыі (мяккамясістыя, рыхла- або шчыльналямцавыя, плеўкавыя, валакністыя, скурыстыя, коркавыя, дзеравяністыя). Гіменафор гладкі, складкаваты, сеткаваты, шыпаваты, трубчасты, бародаўчаты, лабірынтападобны, зубчастарассечаны. Гіменіяльны слой складаецца з базідый, шматлікіх базідыёл, гіфід, нярэдка са спец. стэрыльных клетак — цыстыдаў, глеяцыстыдаў, шчацінак. Базідыі з 4, радзей 2, 6 або 8 спорамі. Базідыяспоры бясколерныя ці афарбаваныя, з гладкай або шыпаватай, бародаўчатай абалонкай.

А.​М.​Капіч.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЧА́НІКАЎ (Анатоль Сямёнавіч) (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),

бел. паэт. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.​Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).

Тв.:

Калі далёка ты... Мн., 1979;

Я вас люблю... Мн., 1986;

Выбранае. Мн., 1988.

Літ.:

Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

А.С.Грачанікаў.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)