ДЫСБАКТЭРЫЁЗ (ад дыс... + бактэрыі + ...оз),
дысмікрабіёз, змена колькасных суадносін і складу нармальнай мікрафлоры арганізма. Характарызуецца знікненнем, зніжэннем ці павелічэннем колькасці пастаянных у ім мікробаў ці з’яўленнем у ім незвычайных бактэрый і грыбоў. Прычыны Д.: няправільнае лячэнне антыбіётыкамі, антысептыкамі, гармонамі, прамянямі, запаленні, зніжэнне мясц. імунітэту тканак, пратэзаванне, прафес. шкоднасці. Найчасцей узнікае пры спалучэнні, сіле і працяглым уздзеянні шкодных фактараў. Адрозніваюць Д. поласці рота, глоткі, носа, кішэчніка, похвы, вільготных участкаў скуры. Бывае грыбковы, стафілакокавы, антэрабактэрыяльны і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычыны хваробы, бактэрыяльныя і антымікробныя прэпараты.
т. 6, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІНГІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка),
запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.А.Карпаў.
А.А.Астапаў.
т. 10, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)