Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ША (Pyrus),
род пладовых дрэў сям. ружавых. Вядома каля 60 відаў. Пашырана ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам. На Беларусі груша звычайная, ці лясная (P. communis), — родапачынальнік многіх культ. сартоў, расце ў лісцевых, зрэдку хвойных лясах, на ўзлесках і ў хмызняках. Культывуецца найб. на ПдЗ.
Груша звычайная выш. да 15 м, крона пірамідальная. Лісце яйцападобнае або круглае, востразубчастае ці суцэльнакрайняе, скурыстае, бліскучае. Кветкі белыя, ружаватыя, у шчытках. Плады масай 25—300 г, мясістыя, з камяністымі клеткамі, жоўтыя ці зялёныя, часам з румянцам, маюць цукры, арган. к-ты, дубільныя рэчывы, вітаміны. Меданос. Каштоўная драўніна. Дрэва святлалюбнае, засухаўстойлівае. Пачынае пладаносіць на 6—8-ы год пасля пасадкі. Перыяд гасп. выкарыстання 50—60 гадоў. Размнажаецца прышчэпкамі. Лепш расце на сярэдне- і лёгкасугліністых, добра дрэнажаваных глебах. Раянаваныя сарты: летнія — Беларуска, Дзюшэс летні, Лімонка, Прыгожая Яфімава, Тальсінская прыгажуня; асенне-зімовыя — Бэра лошыцкая, Бэра слуцкая, Масляністая лошыцкая, Бел. позняя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).
На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.
чэшская перакладчыца. Скончыла Карлаў ун-т у Празе. На чэшскую мову пераклала трылогію Я.Коласа «На ростанях» (1960), кнігі твораў З.Бядулі «Тры пальцы» (1957), А.Кудраўца «Халады напачатку вясны» (1977), аповесці В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), В.Казько «Суд у Слабадзе» і «Цвіце на Палессі груша» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́НАЧНІЦЫ (Tingitidae),
сямейства насякомых атр. клапоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна шкоднікі раслін. На Беларусі найб. вядома К. грушавая (Stephanitis pyri). Жывуць на пладовых дрэвах (груша, яблыня), ліпах.
Даўж. 1—10 мм. Крылаў 2 пары, пярэднія з перапончатым верхам, аснова крыла цвёрдая, скурыстая. Надкрылы і пярэдняспінка ячэйкавыя або карункавыя (адсюль назва). Ротавыя органы колюча-сысучыя. Кормяцца сокам лісця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧКАВА́ЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група бактэрый, якія размнажаюцца пачкаваннем. Уключае роды анкаламікробіум, гіфамікробіум, педамікробіум і інш. Пашыраны ў глебе, прэсных і салёных вадаёмах.
Клеткі пераважна няправільнай груша- або палачкападобнай формы. Спор не ўтвараюць, грамадмоўныя, гетэратрофы. Характэрная асаблівасць — наяўнасць гіфаў і размнажэнне почкамі, якія развіліся на гіфах. Почкі разрастаюцца, аддзяляюцца ад матчынай клеткі і фарміруюцца ў новыя асобіны. Пачкавальнае размнажэнне выяўлена таксама ў мікабактэрый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНДЗО́РСКАЯ,
сорт грушы, выведзены ў Нідэрландах. На Беларусі (акрамя Віцебскай вобл.) рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве.
Дрэва моцнарослае, крона пірамідальная, сярэдняй гушчыні. Пачынае плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, высокаўраджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г). Скурка зеленавата-жоўтая, з невял. карычняватым румянцам. Мякаць белая, сярэдняй сакавітасці, паўмасляністая, кіславата-салодкая, крыху даўкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў пач. жніўня.