ГРУНТО́ЎКІ,

грунты, матэрыялы, якія ўтвараюць ніжнія (грунтовачныя) слаі лакафарбавых пакрыццяў. Забяспечваюць больш моцнае счапленне пакрыцця з паверхняй, ахоўваюць металы ад карозіі, запаўняюць сітавіны ў драўніне, надаюць паветранепранікальнасць тканінам. Аснова грунтовак — сінт. і прыродныя плёнкаўтваральныя рэчывы (алкідныя, поліэфірныя, эпаксідныя смолы, эфіры цэлюлозы, алеі), якія выкарыстоўваюць у выглядзе раствораў (лакаў) ці дысперсіі Грунтоўкі, у састаў якіх уваходзяць пігменты (напр., антыкаразійныя), атрымліваюць тымі ж метадамі, што і фарбы.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАФА́РБАВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

саставы (пераважна вадкія ці пастападобныя), якія выкарыстоўваюць для атрымання лакафарбавых пакрыццяў. Да Л.м. адносяцца лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д БЫТАВО́Й ХІ́МІІ.

Створаны ў г. Баранавічы ў 1940 як прамкамбінат. З 1968 хім. камбінат, з 1979 з-д быт. хіміі. Спецыялізуецца на выпуску мыйных сродкаў. Працуюць участкі: мыйных парашкоў, электродны, лакафарбавы, клеявой стужкі. Асн. прадукцыя (1995): мыйныя парашкі і сінт. мыйныя сродкі, лакі і фарбы, электроды зварачныя, эмалі, грунтоўкі і шпаклёўкі на полімерызацыйных смолах, тавары культ.-быт. і гасп. Прызначэння.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАФА́РБАВЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

пакрыцці, якія ўтвараюцца пасля ацвярдзення (высыхання) лакафарбавых матэрыялаў, нанесеных на цвёрдую паверхню. Асн. прызначэнне Л.п. — ахова матэрыялаў ад разбурэння (напр., металаў ад карозіі, драўніны ад гніення) і дэкаратыўная апрацоўка паверхні.

Паводле эксплуатацыйных уласцівасцей Л.п. падзяляюць на атмасфера-, тэрма-, вода-, масла- і бензаўстойлівыя, хімічна ўстойлівыя, электраізаляцыйныя, кансервацыйныя і спец. прызначэння. Звычайна Л.п. атрымліваюць нанясеннем на паверхню некалькіх слаёў лакафарбавых матэрыялаў, якія адрозніваюцца саставам і хім. прыродай плёнкаўтваральных рэчываў. Адрозніваюць слаі: ніжнія (грунтовачныя, гл. Грунтоўкі), прамежкавыя (шпаклёвачныя, гл. Шпаклёўка), верхнія (покрыўныя), якія ўтвараюць фарбы і лакі. Агульная таўшчыня мнагаслойных Л.п. — 30—300 мкм. Асн. тэхнал. аперацыі атрымання Л.п.: падрыхтоўка паверхні для забеспячэння добрай адгезіі Л.п.; нанясенне лакафарбавых матэрыялаў распыленнем (пнеўматычным, гідраўлічным, аэразольным, у электрастатычным полі высокага напружання), акунаннем, абліваннем, уручную; сушка пры пакаёвай т-ры тэрмапластычных Л.п. ці пры павышаных т-рах (80—160 °C) тэрмарэактыўных; прамежкавая апрацоўка — шліфаванне ніжніх і паліраванне верхніх слаёў для надання Л.п. люстранога бляску. Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах нар гаспадаркі (найб. у машынабудаванні, буд. індустрыі) і ў быце.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

прыродныя і штучныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце будынкаў і збудаванняў. Да будаўнічых матэрыялаў належаць прыродныя каменныя, лясныя, керамічныя, арган. і мінер. вяжучыя, метал., кампазіцыйныя, цепла- і гідраізаляцыйныя, дахавыя, лакафарбавыя і інш. матэрыялы.

Прыродныя каменныя матэрыялы (бутавы камень, жвір, друз, пясок, гліна і інш.) выкарыстоўваюцца для буд-ва фундаментаў, сцен, дарожнага адзення, падпорных сценак, а таксама для вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу, розных кангламератаў. Лясныя будаўнічыя матэрыялы (бярвёны, брусы, дошкі, вырабы з драўніны) ідуць на буд-ва дахаў, падлог, столяў, аконных і дзвярных блокаў і інш. (гл. Драўнінныя матэрыялы). Керамічныя матэрыялы (цэгла, цагляныя камяні і інш.) прызначаны для буд-ва сцен, вырабы з керамікі — для стварэння сан.-тэхн., дрэнажавальных, электраахоўных і інш. сістэм (гл. Будаўнічая кераміка). Пашыраны ў буд-ве вяжучыя матэрыялы — арган. (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты і інш.) і мінер. (цэмент, вапна, гіпс). Злучэннем мінер. запаўняльнікаў і вяжучых рэчываў атрымліваюць бетоны (цэментна-, асфальта-, жалеза- і палімербетоны) і будаўнічыя растворы (цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя, асфальтавыя і іх спалучэнні). Шырока выкарыстоўваюць будаўнічыя канструкцыі са сталі, алюмініевых сплаваў, кампазіцыйных, металапалімерных і інш. матэрыялаў. Цеплаізаляцыйныя матэрыялы атрымліваюць спяканнем шклянога парашку (шклавата, пенашкло і інш.) або змешваннем розных матэрыялаў; яны маюць нізкую цеплаправоднасць. Гідраізаляцыйныя матэрыялы (гідраізол, металаізол, бітумамінер. тканіны і інш.) маюць павышаную водаўстойлівасць і выкарыстоўваюцца для аховы буд. канструкцый ад вільгаці. Дахавыя матэрыялы (руберойд, пергамін, толь, шклоруберойд і інш.) атмасфера- і водаўстойлівыя. Лакафарбавыя матэрыялы (лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі) — вадкія, паста- ці парашкападобныя саставы. Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

І.І.Леановіч.

т. 3, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)