ГРЫМАЛЬДЗІ́ЙЦЫ,

выкапнёвыя рэшткі стараж. людзей эпохі позняга палеаліту Зах. Еўропы, выяўленыя ў 1872—1906 у пячорах Грымальдзі (Італія) на ўзбярэжжы Міжземнага м. каля г. Ментона (Францыя). Датуюцца прыкладна 32—29-м тыс. да н.э., належалі людзям сучаснага віду Homo sapiens (гл. Краманьёнец, Неаантрапы). Адна са знаходак з ніжніх пластоў «Грота дзяцей» з выразна негроіднымі рысамі.

І.І.Салівон.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВЕ́Т

(франц. Gravettian),

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту, якая каля 25 тыс. г. да н. э. змяніла арыньяк. Назва ад грота Ла-Гравет у Дардоні (Францыя), дзе знойдзены першыя крамянёвыя прылады тыпу гравет. У сучаснай тэрміналогіі лічыцца найб. ранняй фазай верхняга перыгору. Для гравету характэрны невял. вострыя крамянёвыя пласціны з прытупленым краем (т.зв. гравецкія вастрыі). Тэрмін «гравет» часам выкарыстоўваюць у дачыненні да матэрыялаў усяго верхнеперыгорскага перыяду.

А.В.Іоў.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫСЕ́Й, Уліс,

у грэч. міфалогіі цар вострава Ітака, гал. герой паэмы «Адысея». Праславіўся як удзельнік Траянскай вайны. Вызначаўся адвагай, хітрасцю, розумам. Існуюць 2 версіі смерці Адысея: паводле адной яго смяротна параніў сын Тэлегон, па другой Адысей памёр у Этоліі ці Эпіры, дзе шанаваўся як герой, надзелены дарам прароцтва. Прыгоды Адысея адлюстраваны ў л-ры (Гамер, Сафокл, Эўрыпід і інш.) і выяўл. мастацтве (малюнкі на ант. вазах, фрэскі ў Пампеі і інш.).

Галава Адысея. фрагмент скульптурнай групы э грота ў Сперлонгу. Канец 2 ст. да н.э.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМБАЛО́НЬЯ

(Giambologna),

Джавані Балонья (Giovanni Bologna; сапр. Жан дэ Булонь; Jean de Boulogne; 1529, г. Дуэ, Францыя — 13.8.1608), італьянскі скульптар, прадстаўнік маньерызму. У 1554 або 1555 прыехаў у Рым, дзе, верагодна, вучыўся ў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі пры двары Медычы, а таксама ў Балонні, Генуі. Выконваў багата дэкарыраваныя фантаны, скульпт. групы і статуі, статычныя конныя помнікі («Нептун», Балоння; «Козіма I Медычы», 1593, Фларэнцыя). Развіваючы ідэі Б.Чэліні, імкнуўся да стварэння «ідэальна круглай» скульптуры з уласцівай ёй прасторавай свабодай і магчымасцю ўсебаковага агляду (спіралепадобная па кампазіцыі група «Выкраданне сабінянак», 1583, Фларэнцыя), да арган. сувязі з прыродным асяроддзем («Алегорыя Апенін», Праталіна). Манерная вытанчанасць прапорцый і рухаў, дынамічнасць кампазіцыі, віртуозная дакладнасць апрацоўкі матэрыялу («Меркурый», 1564, Балоння, і 1580, Фларэнцыя) спалучаюцца ў Дж. з натуралістычнымі эфектамі (статуі птушак для грота вілы ў Кастэла, Фларэнцыя).

Джамбалонья. Меркурый. Бронза. 1580.

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)