ГРАН,

1) адзінка масы, што выкарыстоўвалася ў аптэкарскай практыцы (гл. Аптэкарская вага). 1 гран = 62,2 мг. У сістэме англ. мер гран гандлёвы, аптэкарскі і тройскі (для ўзважвання каштоўных камянёў і металаў) роўны 64,8 мг.

2) (Перан.) мізэрна малая велічыня.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН ((Grahn) Люсіль) (30.6.1819, Капенгаген — 4.4.1907),

дацкая артыстка балета, балетмайстар; адна з найб. вядомых рамант. танцоўшчыц. Скончыла школу Каралеўскага дацкага балета (педагог А.Бурнанвіль), з 1826 у яго трупе, афіцыйна дэбютавала ў 1834 (па-дэ-дэ ў оперы «Нямая з Портычы» Ф.​Абера). З 1839 у Парыжскай оперы. У 1843—46 гастраліравала ў Еўропе, з 1848 пераважна ў Германіі. Яе танец адметны лёгкасцю, грацыяй, выключнай тэхнікай. Выконвала гал. партыі ў балетах, паст. Бурнанвілем, Ф.Тальёні, Ж.Ж.Перо і інш. У 1856 пакінула сцэну, працавала балетмайстрам у Лейпцыгу (1858—61), Мюнхенскай прыдворнай оперы (1869—75). Сярод пастановак сцэна вакханаліі ў оперы «Тангейзер» Р.​Вагнера.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН ПА (франц. grand pas літар. вял. шаг, вял. танец),

складаная шматчасткавая танц.-муз. форма. Узнікла ў эпоху рамантызму і атрымала завяршэнне ў творчасці М.Петыпа. Будуецца падобна санатнай форме ў музыцы: экспазіцыя, адажыо і варыяцыі (распрацоўка), потым кода. У гран па харэаграфія абагульнена-паэтычна выяўляе ўнутр. змест балета. Танц. тэмы сімфанічна развіваюцца, пераплятаюцца, проціборствуюць. Такія гран па ёсць у «Баядэрцы» Л.​Мінкуса, «Раймондзе» А.​Глазунова і інш. Выконваецца сумесна салістамі, карыфеямі, кардэбалетам. Некат. гран па носяць дзейсны характар. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены аднаактовы спектакль «Вялікае класічнае па» на музыку Мінкуса з балета «Пахіта» Э.​Дэльдэвеза («У гонар Марыуса Петыпа», 1981).

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН ПРЫ (франц. Grand Prix літар. вял. прэмія, гал. прыз),

вышэйшая ўзнагарода на фестывалі, конкурсе і інш.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН-КАНА́РЫЯ (Gran Canaria),

востраў у Атлантычным ак., у групе Канарскіх астравоў, тэр. Іспаніі. Пл. 1533 км². Выш. да 1949 м (г. Лос-Печас — Посадэ-лас-Ньевес). Гал. горад і порт — Лас-Пальмас.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́КА (ісп. Gran Chaco),

прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч. тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́СА-Д’ІТА́ЛІЯ (Gran Sasso d’Italia),

самы высокі горны масіў у Апенінах у Італіі. Выш. да 2914 м (г. Корна). Складзены з вапнякоў, развіты карст. На вышынях снежнікі, невял. ледавікі. Міжземнаморскія хмызнякі.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРШТЭ́ЙН (Юрый Барысавіч) (н. 15.9.1941, в. Андрэеўка Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія),

расійскі рэжысёр і мастак-мультыплікатар. Вучыўся на курсах пры кінастудыі «Саюзмультфільм», з 1961 мастак-мультыплікатар гэтай студыі. Творчасці характэрна сучасная трактоўка казачных матываў і персанажаў, метафарычнасць вобразаў, жывапіснасць выяўл. вырашэння. Сярод фільмаў: «25-е — першы дзень» (1968), «Сеча пры Кержанцы» (1971), «Ліса і заяц» (1973), «Чапля і жораў» (1974; 1-я прэмія Міжнар. кінафестывалю мультыплікацыйных фільмаў у г. Анесі, Францыя, і Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Тэгеране; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Мельбурн, Аўстралія), «Вожык у тумане» (1975, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у г. Хіхон, Іспанія), «Казка казак» (1980, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю кароткаметражных фільмаў у г. Ліль, Францыя), «І зноў я» (1981), «Восень», «Шынель» (абодва 1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1979.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАШУ́К (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж. кіно СССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.​Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.​Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.​Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.М.Пташук.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА (франц. pas літар. крок),

танцавальная форма: 1) асобны выразны рух, які выконваецца адпаведна правілам класічнага танца; 2) танец у балеце; 3) шматчасткавая форма класічнага балета, у т. л. гран па, па-дэ-дэ, па-дэ-труа, па д’аксьён.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)