Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Гайна, за 14 км на ПнУ ад г. Смалявічы. Пл. 1,6 км², даўж. 1,8 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 1,2 м. Пл. вадазбору 13,6 км². Берагі забалочаныя, тарфяністыя. Зарастае. Выцякае ручай Граба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЦУ́НДА-МЮСЕ́РСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Абхазіі, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Засн. ў 1966 на базе Піцундскага (з 1926) і Мюсерскага (1964) участкаў з мэтай захавання рэліктавых гаёў, дуброў, водна-балотных комплексаў. Пл. 3761 га. Рэльеф слабахвалісты раўнінны, горны, расчлянёны далінамі рэк. Гай рэліктавай эндэмічнай хвоі піцундскай (адзіны ў свеце) і самшыту. Дубровы. Шыракалістыя лясы з граба каўказскага, бука ўсходняга, каштана звычайнага (ядомага), лапіны, вольхі, сунічнага дрэва. У падлеску падуб, мушмула, барбарыс, кізіл, рададэндран пантыйскі, плюшчы і інш. У фауне звычайныя казуля, дзік, барсук, куніца, вавёрка, фазан і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БАВЫЯ ЛЯСЫ́, грабнякі (Carpineta),
група фармацый вытворных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду граб. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтр. і Зах.) і Паўн. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе грабавыя лясы створаны грабам каўказскім (C. caucasica), у Крыме — усходнім, або грабіннікам (C. orientalis), у Прымор’і, Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (C. cordata), у Паўн. Амерыцы — каралінскім (C. caroliniana), у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — звычайным, або еўрапейскім (C. betulus). Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам. На Беларусі грабавыя лясы складаюць 0,2% пл. лясоў. Пашыраны пераважна ў паўд., цэнтр. і зах. раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтр.ч. ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на Пд дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабавых лясоў: кіслічныя (64,4% пл. грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл. (Бёрдаўскае лесанасаджэнне), што знаходзіцца на паўн.-ўсх. мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎШЧЫНСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. Закладзены ў в. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.Пл. 15 га. Займае раўнінны прамавугольны ўчастак. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом (разбураны ў 1914). Перад гал. фасадам быў парадны двор з манументам у цэнтры (захаваўся пастамент) і гасп. пабудовамі па баках.
Садова-паркавая тэрыторыя падзелена на 2 амаль роўныя часткі, злучаныя алеяй па восі сіметрыі кампазіцыі. Паўн.ч. абмежавана з трох бакоў алеямі граба звычайнага і падзелена рэгулярнай сеткай дарожак на 8 прамавугольных участкаў з пасадкамі пладовых дрэў. Паўд.ч. пад пладовым садам і ахоўнымі пасадкамі. У парку пераважна мясц. пароды дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ-БАРА́Н, грыфала кучаравая,
губавы базідыяльны грыб сям. албатрэлавых. Трапляецца ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі рэліктавы від, знойдзены ў Пружанскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім р-нах; занесены ў Чырвоную кнігу. Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах пры аснове старых ствалоў дуба, граба, вяза, клёна, значна радзей сасны. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у ліпені—верасні.
Пладовае цела дыям. да 1 м і масай да 10—20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, радыяльна-маршчакаватыя, шурпатыя, жаўтавата-шэрыя ці шаравата-бурыя. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным пахам арэха. Споры гладкія, бясколерныя. Фітапатагенны грыб. Грыбніца жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў, утварае белую стрыжнёвую гніль са шматлікімі поласцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАСТАЎСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.
Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек. раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНЕ́Ц,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (ад грэч. Pontos Чорнае мора),
паўночныя ўскраінныя горы ў складзе Малаазіяцкага нагор’я ў Турцыі. Даўж. каля 1000 км (уздоўж узбярэжжа Чорнага мора). Выш. да 3937 м (г. Качкар). Падзяляюцца на Зах. П.г. (сярэдневышынныя з выраўнаванымі вяршынямі, паступова паніжаюцца пры набліжэнні да прал. Басфор), горы Джанік і Усх. П.г. (маюць альпійскія формы рэльефу), падзеленыя глыбокімі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Сфарміраваны ў альпійскую складкаватасць, складзены з парод меза-кайназою, месцамі перарваных гранітнымі інтрузіямі. На З складзены пераважна з пясчанікаў, вапнякоў, на У — з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў, вулканічных парод. Моцная сейсмічнасць. Прарэзаны скразнымі далінамі рэк Кызыл-Ірмак, Ешыль-Ірмак і інш.Паўн. схілы П.г. укрыты шыракалістымі лясамі з бука, граба, каштана, ліпы з вечназялёным падлескам на горных чырваназёмах і жаўтазёмах. На выш. 600—700 м мяшаныя і хваёвыя лясы на горных буразёмах, вышэй субальпійскія хмызнякі і горныя лугі. На паўд. схілах — стэпы, паўпустыні, хмызнякі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, тытунь, цукр. буракі, вінаград і садовыя культуры. Нац. паркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1650,
адно з гарадскіх паўстанняў у Расіі ў сярэдзіне 17 ст. Адбывалася ў г. Ноўгарад адначасова з Пскоўскім паўстаннем 1650. Выклікана абвастрэннем сац. напружанасці ў рас. грамадстве пасля выдання Саборнага ўлажэння 1649. Падставай для Н.п. стала перадача ўрадам хлебных запасаў Швецыі на пагашэнне дзярж. доўгу, што прывяло да павышэння цэн на хлеб. Удзельнікі — стральцы (адыгрывалі рашаючую ролю), рамеснікі і бедната Ноўгарада, сяляне навакольных вёсак. Пачалося 25 сакавіка. Паўстанцы збілі дацкага пасла І.Граба, 26 сак. адхілілі ад улады ваяводу Ф.А.Хілкова, разграмілі двары некалькіх купцоў, выбралі земскіх старастаў і паставілі на чале гар. самакіравання (земскай ізбы) мітрапаліцкага прыказнага І.Жаглова. 27 сак. мітрапаліт Нікан пракляў кіраўнікоў паўстання, за што 29 сак. быў збіты натоўпам. Паўстанцы беспаспяхова спрабавалі наладзіць сувязь з кіраўніцтвам Пскоўскага паўстання, накіравалі да цара Аляксея Міхайлавіча чалабітную грамату са скаргай на Хілкова і просьбай не пасылаць хлеб у Швецыю. Царскага пасла двараніна Салаўцова яны некалькі дзён пратрымалі пад арыштам. Унутр. барацьба сярод паўстанцаў, цвёрдая пазіцыя мітрапаліта Нікана прывялі Н.п. да паражэння. 23.4.1650 паўстанцы без бою здаліся войску царскага ваяводы кн. І.М.Хаванскага, які абяцаў ім памілаванне. Паводле царскага загаду 5 кіраўнікоў паўстання, у т. л. Жаглоў, пакараны смерцю, іншыя — бізунамі і сасланы ў аддаленыя раёны краіны.