Горваль (археал.) 3/562

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Горваль (в.) 1/216; 2/442 (к.), 596; 3/562; 4/212, 416 (к.); 7/221; 9/280

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬ,

бальнеакліматычны курорт у Гомельскай вобл. За 20—26 км ад гарадоў Рэчыца, Светлагорск і Жлобін, у сутоках рэк Бярэзіна і Дняпро. Плошча курортнай зоны каля 25 км², амаль ⅔ яе пад лесам. Асн. лек. фактары — хларыдна-натрыевыя мінер. воды (расолы) з высокім утрыманнем брому і ёду, спрыяльны, умерана-кантынентальны клімат. Лечаць хваробы нерв. сістэмы і інш.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬ,

вёска ў Глыбаўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. За 25 км ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 75 км ад Гомеля. 240 ж., 130 двароў (1997).

Паводле археал. звестак, паселішча ў Горвалі існавала ў 12—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1503 як мястэчка. У розныя часы належала Манівідам, Сангушкам, Віленскаму капітулу, Халадоўскім, дзярж. ўласнасць. У 1535 спалена рус. войскамі, у 1654 — укр. казакамі І.Н.Залатарэнкі. У 16 — 18 ст. існаваў Горвальскі замак. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, з 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1892 — 2146 ж. У 1926—27 цэнтр Горвальскага раёна. У Вял. Айч. вайну ў ліп. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі Горваль і загубілі 93 яе жыхароў. 19.11.1943 партызаны разграмілі каля Горваля гітлераўскую часць і ўтрымлівалі вёску да падыходу Чырв. Арміі (гл. Горвальская аперацыя 1943). Пасля вайны адноўлена.

Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. На тэр. вёскі выяўлена стаянка эпохі неаліту, каля вёскі — гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

разгром партызанамі часцей ням.-фаш. арміі ў в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. 18 ліст. ў Вял. Айч. вайну. Праведзена партыз. брыгадамі «Жалязняк» (камандзір В.І.Шаруда), імя Панамарэнкі (І.І.Бандарэнка) і 108-м партыз. атрадам імя Катоўскага (М.А.Трусноў) у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Задача аперацыі — перакрыўшы дарогу з Рэчыцы на Горваль і Шацілкі, не прапусціць часці гітлераўцаў, якія адступалі ў напрамку Бабруйска. У ходзе аперацыі партызаны пад кіраўніцтвам камісара партыз. брыгады імя Панамарэнкі Я.Р.Садовага імклівай атакай уварваліся ў Горваль і разграмілі праціўніка, захапілі танкі, бронемашыны, артылерыю, 110 аўтамашын з боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі захапіць Горваль, але партызаны моцна ўтрымлівалі свае пазіцыі на працягу 5 сутак да падыходу часцей Чырв. Арміі. У гонар баявых дзеянняў партызан у Горвалі ў 1977 пастаўлены абеліск.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1926—27. Утвораны 8.12.1926 у складзе Рэчыцкай акругі, з 9.6.1927 у Гомельскай акрузе. Цэнтр — мястэчка Горваль. Пл. 535 км², нас. 14 761 чал. (1925), 56 нас. пунктаў. Падзяляўся на 20 сельсаветаў. Скасаваны 4.8.1927, тэр. ўвайшла ў Рэчыцкі раён.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША Ілья, адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час нар.-вызв. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. Нарадзіўся ў Быхаве. Палкоўнік Запарожскага войска. У 1648 з атрадам прыйшоў з Украіны на Беларусь, дзе да яго далучыліся бел. паўстанцы-сяляне. Каля мяст. Горваль перамог атрад войск ВКЛ. У снеж. 1648 няўдала асадзіў Стары Быхаў. У 1651 па дарозе да Чачэрска і ў баі пад Чэрыкавам яго атрад разбіты. У жн. 1651 па загадзе Б.Хмяльніцкага з атрадам адправіўся па Дняпры да Кіева. У сак. 1654, магчыма, пасол Хмяльніцкага ў Маскве.

В.І.Мялешка.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБКО́ Анатоль Фёдаравіч

(н. 15.12.1923, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскае артыл. вучылішча (1942), Ваенна-артыл. камандную акадэмію (1954). У Вял. Айч. вайну з ліст. 1942 на Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір батарэі артыл. палка лейтэнант Дз. вызначыўся ў баях на тэр. Латвіі: 29.8.1944 у час бою трапіў у акружэнне назіральны пункт батарэі і пях. батальён, дзе Дз. прыняў камандаванне на сябе, арганізаваў кругавую абарону, калі вораг прарваў яе, выклікаў на сябе агонь артылерыі, што дапамагло адбіць контратакі і ўтрымаць занятыя пазіцыі. Да 1976 у Сав. Арміі.

А.Ф.Дзюбко.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. У 16 ст. быў бастыённым, але меў і драўляныя ўмацаванні. Горвальскі замак з’яўляўся важным пунктам кантролю за пераправай цераз Бярэзіну і водным шляхам да Дняпра. У час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—51 укр. казакі разбілі ў 1648 пад Горвалем войска стражніка ВКЛ Мірскага і авалодалі замкам. У ліст. 1654 казакі ўкр. гетмана І.Залатарэнкі бралі Горвальскі замак штурмам, у выніку ён быў спалены. Пазней адноўлены, але ў час Паўн. вайны 1700—21 канчаткова знішчаны.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЧУ́К Андрэй Якаўлевіч

(н. 15.6.1915, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Рэчыцкі педтэхнікум (1932), артыл. школу ў Куйбышаве (1939), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947), Кіеўскі ун-т (1965). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: камандзір батарэі, дывізіёна, нач. артылерыі стралк. палка. Вызначыўся 15—17.10.1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Лоева Гомельскай вобл.: батарэя пад камандаваннем лейт. Варанчука фарсіравала раку, захапіла плацдарм, знішчыла 5 агнявых кропак, 2 танкі ворага, адбіла некалькі контратак праціўніка, што спрыяла паспяховаму наступленню сав. войск. Да 1960 у Сав. Арміі, да 1985 на выкладчыцкай рабоце.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)