Го́рваль

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. Го́рваль
Р. Го́рваля
Д. Го́рвалю
В. Го́рваль
Т. Го́рвалем
М. Го́рвалі

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Горваль (археал.) 3/562

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Горваль (в.) 1/216; 2/442 (к.), 596; 3/562; 4/212, 416 (к.); 7/221; 9/280

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬ,

бальнеакліматычны курорт у Гомельскай вобл. За 20—26 км ад гарадоў Рэчыца, Светлагорск і Жлобін, у сутоках рэк Бярэзіна і Дняпро. Плошча курортнай зоны каля 25 км², амаль ⅔ яе пад лесам. Асн. лек. фактары — хларыдна-натрыевыя мінер. воды (расолы) з высокім утрыманнем брому і ёду, спрыяльны, умерана-кантынентальны клімат. Лечаць хваробы нерв. сістэмы і інш.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬ,

вёска ў Глыбаўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. За 25 км ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 75 км ад Гомеля. 240 ж., 130 двароў (1997).

Паводле археал. звестак, паселішча ў Горвалі існавала ў 12—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1503 як мястэчка. У розныя часы належала Манівідам, Сангушкам, Віленскаму капітулу, Халадоўскім, дзярж. ўласнасць. У 1535 спалена рус. войскамі, у 1654 — укр. казакамі І.​Н.​Залатарэнкі. У 16 — 18 ст. існаваў Горвальскі замак. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, з 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1892 — 2146 ж. У 1926—27 цэнтр Горвальскага раёна. У Вял. Айч. вайну ў ліп. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі Горваль і загубілі 93 яе жыхароў. 19.11.1943 партызаны разграмілі каля Горваля гітлераўскую часць і ўтрымлівалі вёску да падыходу Чырв. Арміі (гл. Горвальская аперацыя 1943). Пасля вайны адноўлена.

Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. На тэр. вёскі выяўлена стаянка эпохі неаліту, каля вёскі — гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

го́рваль Вузкі праход праз высокае месца, прамыты вадой (Рэч.).

□ в. Горваль Рэч.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ГО́РВАЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

разгром партызанамі часцей ням.-фаш. арміі ў в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. 18 ліст. ў Вял. Айч. вайну. Праведзена партыз. брыгадамі «Жалязняк» (камандзір В.​І.​Шаруда), імя Панамарэнкі (І.​І.​Бандарэнка) і 108-м партыз. атрадам імя Катоўскага (М.​А.​Трусноў) у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Задача аперацыі — перакрыўшы дарогу з Рэчыцы на Горваль і Шацілкі, не прапусціць часці гітлераўцаў, якія адступалі ў напрамку Бабруйска. У ходзе аперацыі партызаны пад кіраўніцтвам камісара партыз. брыгады імя Панамарэнкі Я.​Р.​Садовага імклівай атакай уварваліся ў Горваль і разграмілі праціўніка, захапілі танкі, бронемашыны, артылерыю, 110 аўтамашын з боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі захапіць Горваль, але партызаны моцна ўтрымлівалі свае пазіцыі на працягу 5 сутак да падыходу часцей Чырв. Арміі. У гонар баявых дзеянняў партызан у Горвалі ў 1977 пастаўлены абеліск.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1926—27. Утвораны 8.12.1926 у складзе Рэчыцкай акругі, з 9.6.1927 у Гомельскай акрузе. Цэнтр — мястэчка Горваль. Пл. 535 км², нас. 14 761 чал. (1925), 56 нас. пунктаў. Падзяляўся на 20 сельсаветаў. Скасаваны 4.8.1927, тэр. ўвайшла ў Рэчыцкі раён.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМСАМО́ЛЬСК,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Бярэзіна, на аўтадарозе Васілевічы — в. Горваль. Да 1935 наз. Дзюрдзеў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 46 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 96 км ад Гомеля. 669 ж., 231 двор (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧЫЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рэчыцкае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)