РАСПЫ́ЛЕНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, пры якой заключныя словы аднаго вершаванага радка сугучныя не толькі клаўзуле, але і двум ці больш словам другога радка. Р.р. з’явілася своеасаблівай рэакцыяй на шырокае ўжыванне ў паэзіі недакладных рыфмаў: гукавая беднасць сугуччаў у клаўзулах кампенсавалася багаццем гукавых супадзенняў у пераднаціскной частцы слоў-рыфмаў і нават у цэлых радках. Прыклад Р.р. з кнігі М.​Танка «Глыток вады»; збіра́ць сабе кра́скі — рыбакоў нарача́нскіх; Васілікі — чайкі віталі кры́кам; паралелі — прале́глі туне́лі; вамі — вачэй часа́мі.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДРЫЧЫК ((Andričik) Юрай) (н. 22.4.1937, в. Бежаўцы Міхалаўскага р-на, Чэхія),

славацкі паэт і перакладчык. Скончыў Ін-т рус. мовы і л-ры ў Празе (1960). Аўтар зб-каў паэзіі «Узыходжанне на зямлю» (1970), «Глухія зычныя» (1973), кн. апавяданняў для дзяцей «Павой» (1976). Асн. тэматыка творчасці — хараство і багацце роднай зямлі, духоўнае жыццё сучасніка. Перакладае з рус., бел., укр., польск., чэшскай моў на славацкую. У яго перакладзе з бел. мовы выйшлі кн. паэзіі «Глыток вады» М.​Танка (1975), «Так лёгка крочыш» П.​Макаля (1982), аповесць «Лонва» І.​Пташнікава (1980), зб-кі бел. паэзіі «Моваю сэрца» (1977, разам з Г.​Крыжанавай-Брынзавай) і бел. нар. казак «Чароўная дудка» (1982). Асобныя вершы бел. паэтаў у перакладзе Андрычыка ўвайшлі ў анталогію «Жыццё супраць смерці» (1980), «Анталогію савецкай паэзіі XX стагоддзя» (Т. 1—2, 1981).

А.​К.​Гардзіцкі.

т. 1, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)