Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЭ́Ц,
возера ў Гомельскім р-не, у пойме р. Сож, за 20 км на Пд ад Гомеля. Пл. 0,48 км², даўж. 4,77 км, найб.шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 9,7 км. Старычнае. Схілы катлавіны выш. 5 — 6 м, параслі лесам і хмызняком, на Пн участкамі разараныя. Упадае р. Случ-Мільча, выцякае ручай у р. Сож.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЭ́Ц (Tetrao urogallus),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.
Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Глушэц П. В. 8/145
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЧЫ́НА,
птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама пух. пер’е, шкуры, рогі. Дз. падзяляюць на птушыную (баравую, ці лясную, вадаплаўную, балотную, палявую і стэпавую) і 4-ногую (пераважна зайцы і капытныя). На Беларусі водзяцца: з 4-ногай Дз. лось, дзік, алень, казуля, заяц-русак; з баравой — глушэц, цецярук, рабчык, вяхір, клінтух, слонка; з вадаплаўнай — гусі, качкі, паганкі, крахалі, лысуха; з балотнай і лугавой — бакас, дупель, драч і інш. кулікі і пастушкі; з палявой і стэпавай — перапёлка, шэрая курапатка. Паляванне на рэдкія, знікаючыя і асабліва каштоўныя віды Дз. забаронена або дазваляецца па ліцэнзіях (лось, дзік, курапаткі, казулі, высакародны алень, глушэц). Для павелічэння запасаў Дз. праводзяцца мерапрыемствы па дзічынаразвядзенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЧЫНАРАЗВЯДЗЕ́ННЕ,
штучнае развядзенне паляўнічай птушкі і часткова млекакормячых (пераважна зайцоў) для павелічэння іх колькасці ў паляўнічых угоддзях. Заключаецца ў гадоўлі племянных птушак у гадавальніках, інкубаванні іх яек і вырошчванні птушанят да пэўнага ўзросту, пасля чаго іх выпускаюць ва ўгоддзі. Дз. развіта ў многіх краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, дзе стала асн. спосабам узнаўлення дзічыны. Дазваляе падтрымліваць на аптымальным узроўні колькасць жывёл і ствараць устойлівыя папуляцыі каштоўных відаў, вырашаць асобныя праблемы аховы жывёл. На Беларусі гал. аб’екты Дз. — качка, фазан, глушэц. Пытанні Дз. распрацоўваюць у запаведніках, нац. парках і асобных паляўнічых гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТАПУ́ЗІК.
глушэц (Ophisaurus apodus), яшчарка сям. вераценніцавых. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жыве пераважна ў сухіх месцах, з густой расліннасцю.
Даўж. да 1,5 м, маса да 550 г. Верхняя ч. цела бурая, брудна-бурая з аліўкавым або чырванавата-бурым адценнем, ніжняя — жоўта-бурая або мяснога колеру. Цела змеепадобнае, без ног (у самцоў захаваліся рудыменты задніх ног). Пад луской залягаюць касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Па баках цела глыбокая маршчына скуры, высланая дробнай луской. Адкладваюць 8—10 яец. Кормяцца беспазваночнымі (пераважна насякомымі і малюскамі), дробнымі пазваночнымі.