Глушыцель 3/518

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШЫ́ЦЕЛЬ,

прыстасаванне для зніжэння шуму рухавікоў, вентылятараў, машын, а таксама збудаванняў, куды шум пранікае праз паветра- і газаправоды. Бываюць актыўныя, рэактыўныя і інтэрферэнцыйныя. Актыўны глушыцель — трубаправод з гукаізаляцыйнымі матэрыяламі ўсярэдзіне. Рэактыўны мае ўнутр. перагародкі з адтулінамі ці рэзкія звужэнні і расшырэнні трубаправода; ставіцца на аўтамабілях, матацыклах. У інтэрферэнцыйных глушыцелях струмень газу накіроўваецца па 2 трубах рознай даўжыні, каб гукавыя хвалі розніліся па фазе і пры накладанні гасілі адна адну.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЬТР АКУСТЫ́ЧНЫ,

прыстасаванне, што дазваляе вылучаць са складанага гукавога сігналу гарманічныя гукі, частоты якіх ляжаць у вызначаным дыяпазоне; акустычны аналаг эл. фільтра. Найпрасцейшы Ф.а. — рэзанатар Гельмгольца (гл. Рэзанатар акустычны).

Адрозніваюць Ф.а. нізкачастотныя (сукупнасць аднолькавых поласцей, злучаных вузкімі трубкамі), высокачастотныя (трубы з прасвідраванымі на аднолькавай адлегласці адтулінамі) і паласавыя (камбінаванне нізка- і высокачастотных). Выкарыстоўваюцца ў арх. акустыцы для памяншэння шумаў ад вентыляцыйных каналаў і труб; у тэхніцы — для зніжэння шуму, што ўтвараецца патокам адпрацаванага газу ў рэактыўных рухавіках і рухавіках унутр. згарання (напр., аўтамаб. глушыцель).

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́МПФЕР (ад ням. Dämpfer глушыцель),

прыстасаванне для гашэння (паглынання, заспакаення) шкодных ваганняў у машынах, механізмах, прыладах, канструкцыях.

Падзяляюцца на фрыкцыйныя (заспакойваюць ваганні пераўтварэннем энергіі ваганняў у работу трэння, якое ствараецца паміж элементамі Д.) і дынамічныя (змяняюць частату ўласных ваганняў сістэмы адносна частаты вонкавых сіл, каб папярэдзіць рэзананс); паводле канструкцыі — на мех., гідраўл. (напр., поршні ў вязкіх асяроддзях), пнеўматычныя. эл.-магн. і інш. Выкарыстоўваюцца ў рухавіках унутр. згарання, аўтам. рэгулятарах і вымяральных прыладах (гідраўл. і пнеўматычныя), у эл. машынах (у выглядзе шпуль індуктыўнасці, рэзістараў), у мнагаструнных муз. інструментах (калодачкі або планкі, абклееныя лямцам, для спынення ваганняў струн) і інш.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)